Міністэрства здароўя ў сваім тэлеграм-канале паведаміла, што стан пацыента — сярэдняй ступені цяжкасьці.
«Хірургічнае лячэньне праведзена ў поўным аб’ёме. Цяпер у адпаведнасьці з пратаколамі ён праходзіць курс рэабілітацыі. Пры першасным аглядзе ў пацыента былі дыягнаставаны апёкі рознай ступені цяжкасьці да 72%», — паведамілі ў ведамстве.
22 студзеня на сталічнай плошчы Незалежнасьці 35-гадовы Павал Банькоўскі абліў сябе гаручай вадкасьцю і ўчыніў самападпал. Ахопленага полымем мужчыну патушылі мінакі і супрацоўнікі праваахоўных органаў, але ён пасьпеў атрымаць шматлікія апёкі.
Прычыны надзвычайнага здарэньня дагэтуль невядомыя. У Паўла Банькоўскага двое дзяцей, з былой жонкай у разводзе.