Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мужчына падпаліў сябе ля Дому ўраду ў Менску. Што пра яго вядома

абноўлена

Інцыдэнт на плошчы Незалежнасьці ў Менску
Інцыдэнт на плошчы Незалежнасьці ў Менску

Сьведкі інцыдэнту прыслалі ў рэдакцыю Свабоды фота дыму на плошчы Незалежнасьці, а таксама чалавека, які ляжыць на зямлі ў атачэньні супрацоўнікаў сілавых структур.

22 студзеня на плошчы Незалежнасьці ў Менску гарэў чалавек.

Жанчына, якая перадала гэтыя здымкі, паведаміла, што магчыма, там гарэў чалавек. На іншым відэа відаць, як чалавек гарыць адкрытым полымем, а сілавікі накрываюць яго тканінай, каб зьбіць агонь.

На плошчы Незалежнасьці ў Менску знаходзіцца Дом ураду, дзе разьмешчаны ўрад і парлямэнт Белаурсі, а таксама будынак Менскага гарсавету і гарвыканкаму. Інцыдэнт адбыўся ля правага крыла Дома ўраду.

Што кажуць у МУС

«Абставіны здарэньня высьвятляюцца. На месцы працуе сьледча-апэратыўная група», – паведаміла агенцтву «Інтэрфакс» афіцыйная прадстаўніца ГУУС Менгарвыканкаму Натальля Ганусевіч.

На месцы здарэньня засталася куртка і бутэлька
На месцы здарэньня засталася куртка і бутэлька
Таксама паблізу стаяў заплечнік
Таксама паблізу стаяў заплечнік

«Адбыўся нейкі інцыдэнт. Цяпер міліцыя ня можа даць больш падрабязнай інфармацыі: удакладняюцца акалічнасьці. На месца выехала сьледча-апэратыўная група; як толькі будуць высьветленыя ўсе абставіны, зьявіцца афіцыйны камэнтар», — расказала Onliner афіцыйная прадстаўніца МУС Вольга Чамаданава.

Сьледчыя працуюць на месцы здарэньня

Сьледчы камітэт Беларусі паведаміў пра інцыдэнт ля Дома ўраду:

«Сьледчыя працуюць на месцы самападпалу ў Менску. Паводле зьвестсак сьледзтва, днём 22 студзеня 35-гадовы мужчына насупраць будынку, разьмешчанага на вуліцы Савецкай у Менску, абліў сябе неўстаноўленай вадкасьцю, пасьля чаго падпаліў. Ахоплены полымем мужчына быў патушаны мінаком і супрацоўнікам праваахоўных органаў».

Сьледчыя на месцы інцыдэнту на плошчы Незалежнасьці ў Менску.
Сьледчыя на месцы інцыдэнту на плошчы Незалежнасьці ў Менску.

Пацярпелага шпіталізавалі з апёкамі

Пацярпелага забрала хуткая мэдыцынская дапамога. Міністэрства аховы здароўя паведаміла, што пацярпелы на плошчы Незалежнасьці чалавек застаецца непрытомным:

«Пры першым аглядзе супрацоўнікі хуткай дапамогі дыягнаставалі ў яго больш за 50 працэнтаў апёкаў. Мэдыцынскія работнікі хуткай дапамогі транспартавалі пацярпелага ў Рэспубліканскі апёкавы цэнтар».

Па стане на 17:20 пра стан 35-гадовага Паўла Б., які падпаліў сябе на плошчы Незалежнасьці у Мінздароўя распавялі сайту Оliner.by:

«Стан мужчыны вельмі цяжкі, ён на апараце ШВЛ. Мэдыкі робяць усё магчымае».

Што вядома пра пацярпелага

Сайт «Наша Ніва» высьветліў, што пацярпелага завуць Павал Б., яму 35 год, жыве ў Менску.

Cацыяльныя сеткі Паўла абнаўляліся нячаста, на старонцы «Укантакце» некалькі рэпостаў з «Нашай Нівы» і «Радыё Свабода» за 2015 год. Некаторыя камэнты пісаў па-расейску, некаторыя па-беларуску. Шмат здымкаў з сям'ёй — з жонкай, дзецьмі. На моры, у лесе, на шашлыках. Асобны пласт фота — з рыцарскіх фэстаў. У 2000-я Павел актыўна прымаў у іх удзел.

«Наша Ніва» пагаварыла з былой ягонай жонкай Кацярынай Б.

«Я не разумею, што адбываецца, зараз паеду ў бальніцу. Але там мне сказалі, што дакумэнтаў пры ім не было», — кажа жанчына. Яна яшчэ спадзяецца, што гэта памылка.

Але калі спаліў сябе сапраўды яе былы муж, то што магло быць прычынай?

«Апошнім часам у яго быў цяжкі пэрыяд. Мы ў разводзе са жніўня — не па палітычных прычынах. Усё гэта яшчэ магло здарыцца таму, што ён перажываў, што сям’ю падводзіць. Бо п’е і ня можа справіцца з гэтым. Але чаму ён пайшоў на плошчу — я не разумею ўвогуле».

Павел працаваў кіроўцам. Апошнім часам, па словах былой жонкі, жыў то ў сяброў, то ў сваёй маці, то яшчэ недзе.

«З мамай Паўла я гаварыла — яна таксама нічога не ведае», — кажа жанчына.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG