Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскі гарвыканкам адмовіўся абмяркоўваць перайменаваньне вуліцы Карла Маркса ў гонар Васіля Быкава


Магіла народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава на Ўсходніх могілках Менску. 19 чэрвеня 2020 году.
Магіла народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава на Ўсходніх могілках Менску. 19 чэрвеня 2020 году.

Ініцыятары таксама прапаноўвалі абмеркаваць магчымасьць вярнуць гістарычную назву вуліцы.

Каля тысячы грамадзян зьвярнуліся ў электроннай пэтыцыі да менскіх уладаў з просьбай арганізаваць грамадзкае абмеркаваньне аб вяртаньні цяперашняй вуліцы Карла Маркса яе гістарычнай назвы Падгорная або перайменаваньня яе ў гонар Васіля Быкава.

Пасьля абмеркаваньня можна было б правесьці пасяджэньне Камісіі па найменьні вуліц, што і было прапанавана ўладам.

Вуліца Карла Маркса раней называлася Падгорнай і вуліцай Новы Рынак.

Васіль Быкаў (1924–2003) — беларускі пісьменьнік, грамадзкі дзяяч, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР 9-11 скліканьняў, удзельнік вайны, аўтар «Альпійскай баляды», «Трэцяй ракеты», аповесьці «Мёртвым не баліць» і многіх іншых аднесеных да клясыкі твораў.

«Перайменаваньне вуліцы Карла Маркса ў вуліцу імя Васіля Быкава ўвекавечыць памяць пра чалавека, якім ганарыцца краіна, народнага пісьменьніка з сусьветнай вядомасьцю, чый вялікі ўклад у культуру сучаснай Беларусі ня можа застацца без памяці на вуліцах сталіцы», — напісалі аўтары звароту.

9 красавіка намесьнік старшыні Менскага гарвыканкаму Арцём Цуран падпісаў ліст у адказ на пэтыцыю.

У ім ён адмовіў нават у арганізацыі такога грамадзкага абмеркаваньня, паколькі перайменаваньне, на думку ўладаў, можа «старыць значныя нязручнасьці грамадзянам і запатрабуе дадатковых фінансавых затрат».

Самае важнае пра Васіля Быкава

Васіль Быкаў нарадзіўся 19 чэрвеня 1924 году ў вёсцы Бычкі Вушацкага раёну Віцебскай вобласьці, быў удзельнікам Другой Усясьветнай вайны, якой прысьвечаная асноўная частка ягонай творчасьці. Цэнтральнае месца ў аповесьцях Быкава займаў чалавек, яго гісторыі і складаны маральны выбар у найбольш трагічныя моманты жыцьця.

У 1988 годзе Васіль Быкаў стаў адным з заснавальнікаў Беларускага Народнага Фронту. З 1998 году зьехаў у эміграцыю, жыў у Чэхіі, Фінляндыі, Нямеччыне. Вярнуўся ў Беларусь у 2003 годзе перад самай сьмерцю, ягонае пахаваньне ў Менску было адным з самых масавых.

У Менску дасюль няма ні вуліцы, ні помніку ў гонар Васіля Быкава. Менгарвыканкам пакуль не знайшоў вуліцы, каб надаць ёй імя Быкава, а пытаньне зь перайменаваньнем ужо існых вуліц гарадзкія ўлады вырашылі не разглядаць, бо «прыйдзецца спытацца ва ўласьнікаў будынкаў, ці хочуць яны зьмяніць усе свае дакумэнты за свой кошт». Што да ўсталяваньня помніка Быкаву, то ў 2019 годзе Менгарвыканкаме патлумачылі, што «помнік будзе рабіцца там, дзе будзе вуліца».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG