Станам на раніцу 11 красавіка 2021 колькасьць інфікаваных COVID-19 у сьвеце перавысіла 136 мільёнаў чалавек. Ахвярамі сталі 2,94 млн чалавек, 109 млн ачунялі, цяпер хварэюць 24 мільёны.
У Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак, захварэлі 336 038 чалавек, памерлі — 2354, 326 487 паправіліся і выпісаліся. Ужо шосты дзень запар Мінздароўя паведамляе пра 10 сьмяротных выпадкаў за суткі. Да таго частай лічбай было 9 сьмерцяў, як у лютым, так і ў сакавіку.
Афіцыйная статыстыка каранавірусу, якую публікуюць улады Беларусі, часта атрымлівае крытыку за заніжэньне лічбаў ад незалежных мэдыкаў; на думку экспэртаў, лічбы могуць быць заніжаныя ў 7 разоў.
Адным сказам:
- У Нарвэгіі паліцыя аштрафавала прэм’ер-міністарку краіны Эрну Сульбэрг за парушэньне карантынных абмежаваньняў падчас сьвяткаваньня яе 60-годзьдзя.
- Міністар аховы здароўя Дзьмітры Піневіч заявіў, што 15–16 красавіка ў Беларусі плянуюць выпусьціць прамысловы варыянт расейскай вакцыны, разьліў якой пачаўся ў канцы сакавіка.
- Паводле інфармацыі Reuters, Бэрлін гатовы пачаць двухбаковыя перамовы з Расеяй аб пастаўках вакцыны Sputnik V.
- Партыі расейскай вакцыны Sputnik V, пастаўленыя ў Славаччыну, не ідэнтычныя прэпаратам, выкарыстаным у клінічных выпрабаваньнях у Расеі, а таксама тым, якія Расея прадставіла для выпрабаваньняў рэгулятару ЭЗ.
- У сувязі з другой хваляй пандэміі каранавірусу ў Аргентыне ўлады зноў ўвялі жорсткія абмежаваньні на выхад з дому.
- Вядомая грамадзкая і культурная дзяячка Віцебшчыны Ада Райчонак у 84 гады адужала каранавірус
Эўрапейскі рэгулятар правярае вакцыну Johnson & Johnson пасьля выпадкаў трамбозу
У чатырох прышчэпленых гэтай вакцынай ў ЗША утварыліся тромбы, адзін чалавек памёр.
Эўрапейскае агенцтва лекавых прэпаратаў (EMA) паведаміла, што пачало праверку ў сувязі з утварэньнем тромбаў у чатырох чалавек у ЗША, якія атрымалі прышчэпку вакцыны Johnson & Johnson ад COVID-19, піша Голас Амэрыкі.
Johnson & Johnson заявіла, што яна ведае пра рэдкія выпадкі ўтварэньня тромбаў у прышчэпленых яе вакцынай і супрацоўнічае з рэгулятарамі. У заяве кампаніі гаворыцца: «У цяперашні момант няма відавочнай сувязі паміж гэтымі рэдкімі падзеямі і вакцынай».
Амэрыканскае ўпраўленьне нагляду за якасьцю харчовых прадуктаў і лекавых прэпаратаў (FDA) заявіла, што ведае пра пацыентаў, у якіх утварыліся сур’ёзныя тромбы пасьля атрыманьня вакцыны Johnson & Johnson, але адзначыла, што прычыны ў гэтага могуць быць розныя.
У ЗША гэтую вакцыну атрымалі каля 5 млн чалавек. Вакцына была ўхвалена для прымяненьня ў Эўразьвязе, але вакцынацыя ёй яшчэ не пачалася.
Некалькі дзён назад EMA пацьвердзіла сувязь вакцыны AstraZeneca з утварэньнем тромбаў, але заявіла, што гэтыя выпадкі настолькі рэдкія, што вакцынацыю гэтым прэпаратам можна працягваць.