Лісты прыходзяць рэдка, спатканьняў няма
Аляксандар Калесьнікаў кажа, што лісты ад дачкі прыходзяць, але вельмі рэдка.
«Яна піша штодня, але апошні ліст, які мне прыйшоў, датаваны 15 сакавіка. Усяго за сакавік я атрымаў толькі 7 лістоў. Што да спатканьняў, то я атрымліваю стандартныя адпіскі і пасьля кожнай адмовы пішу новую заяву. Але пакуль выніку няма, суцэльныя адмовы, маўляў, ваша заява разгледжана, прынята рашэньне ў спатканьні адмовіць», — кажа Аляксандар.
«Маша адстойвае свае правы»
У адвакаткі, якая знаходзіцца пад падпіскай аб невыдаваньні, бацька даведваецца толькі пра стан дачкі і яе просьбы.
«Таму аб справе я нічога сказаць не магу, бо адвакат кажа:"Мы працуем". І гэта ўсё, што ён можа сказаць. Але, мяркуючы па выніках і па тэмах, якія закранае Маша, яна ў асноўным адстойвае свае правы і працягвае пісаць у Сьледчы камітэт пра яе незаконнае затрыманьне і ўтрыманьне. То бок вось гэтая барацьба ў яе працягваецца. Яна імкнецца дамагчыся нейкага дакладнага адказу, — сказаў бацька. — Больш, на жаль, нічога сказаць не магу, бо сам знаходжуся ў пэўным напружаньні празь недахоп інфармацыі. Тэрміны ўтрыманьня пад вартай пастаянна працягваюцца, а канкрэтыкі няма. Таму складана».
Па словах бацькі, Марыя выглядае такой, якой усе прызвычаіліся яе бачыць. Ён кажа, што яна адчувае сябе больш свабоднай, чым супрацоўнікі турмы.
Адвакатка сустракалася з Марыяй на гэтым тыдні.
«Паводле адваката, што да сьледчых дзеяньняў, то Маша заўсёды сканцэнтраваная; яна дазваляе сабе жартаваць пра сваё жыцьцё, — кажа бацька. — Я мяркую, што ў сьледзтва бракуе нейкіх канкрэтных фактаў, бо калі б нешта было, то гэта даўно раструбіла б дзяржпрапаганда. У лістах Маша мне заўсёды піша, што яна ідзе да канца, што яна і штаб нічога супрацьзаконнага не рабілі, таму ёсьць упэўненасьць, што ўсё будзе добра. Яна так заўсёды імкнецца мяне падбадзёрваць».
Вывучае эканоміку, чытае на замежных мовах
Што Марыя Калесьнікава піша пра сваё самаадчуваньне і ўмовы ўтрыманьня ў СІЗА?
«Да ўмоў утрыманьня асаблівых прэтэнзій няма. Хутчэй гэта разавыя выпадкі, калі, як той казаў, „недакладваюць мяса тыграм у клетках“. Што да самаадчуваньня, то яна кажа, што пасьля ў тым ліку маіх зваротаў у адрас адміністрацыі лекары ставяцца даволі ўважліва. Таму таксама асаблівых прэтэнзій няма, — кажа Аляксандар. — Яна вельмі задаволеная, што папаўняецца бібліятэка і ў яе ёсьць магчымасьць чытаць цікавыя кнігі. Я ўдзячны валянтэрам, якія займаюцца гэтым пытаньнем».
Марыя піша, што цяпер актыўна вывучае эканоміку і на гэтую тэму ёй падабралі стос цікавых кніг.
«З гумарам прыводзіць некаторыя цытаты, што палітыка — гэта адлюстраваньне эканомікі. Яна кажа, што іншы раз „разрываецца“ мозг, але ўсё роўна гэта ёй цікава і яна працягвае вывучаць эканоміку. Гэта азначае, што ёй гэта неабходна. Яна ў мяне заўсёды была дапытлівай. Таксама яна багата чытае на замежных мовах — нямецкай і ангельскай».
Аляксандар дзякуе за падтрымку сябрам Марыі і сваякам, бо бяз гэтага было б значна горш.
«Мне заўсёды было цяжка адказаць на пытаньне, як я сябе адчуваю. Цяпер адказваю так: калі я з вамі, калі вы са мной гутарыце, мне лёгка; калі я застаюся адзін, мне становіцца цяжэй. Мы, як можам, стараемся гаварыць Машы пра падтрымку. Я прашу ўсіх пісаць лісты Машы, бо хоць нешта дойдзе і гэта будзем сыгналам, што пра яе не забыліся і яе, як і раней, паважаюць. Яна піша мне ў лістах, што адчувае падтрымку, увагу і перадае знаёмым, сваякам падзяку і традыцыйнае сэрцайка ў кожным лісьце».
Аляксандар кажа, што пра Марыю цёпла адгукаюцца калегі ў Нямеччыне і робяць усё магчымае дзеля яе вызваленьня, зьвяртаюцца ў бундэстаг і ў Эўрапарлямэнт.
«Гэта людзі мастацтва, творчыя людзі, яны ініцыююць мітынгі, сустрэчы, канцэрты і згадваюць пра Машу, прысьвячаюць ёй творы. Таксама я ўдзячны палітычным дзеячам, амбасадам Нямеччыны, Польшчы, Літвы, Латвіі і Эстоніі. Я ўдзячны многім людзям».
«Яе дзеяньні заўсёды абдуманыя»
Паводле Аляксандра, Марыя Калесьнікава рабіла ўсё так, як лічыла патрэбным.
«Яна чалавек рашучы, і яе дзеяньні заўсёды абдуманыя. І калі яна сказала мне, што хоча прысьвяціць сябе працы ў штабе Віктара Бабарыкі, мы зь ёй пагутарылі і я зразумеў, што гэта яе рашэньне абдуманае. Яна цудоўна ведала, і ўвесь штаб ведаў, што сытуацыя можа быць вельмі складанай. Гэта ў прынцыпе і адбылося. Але тое, што гэта адбылося ў такой форме, было, відаць, нечакана для ўсіх, у тым ліку і для мяне, — кажа Аляксандар. — Але што да майго жыцьця, то яно падзелена на два пэрыяды, да і пасьля яе затрыманьня. Часьцей за ўсё дзень пачынаецца і заканчваецца тым, што я праглядаю сайты, шукаю інфармацыю пра Машу».
У чым вінавацяць Калесьнікаву?
Марыю Калесьнікаву затрымалі 8 верасьня ў Менску і спрабавалі гвалтоўна вывезьці з краіны. Яна парвала свой пашпарт і адмовілася пакідаць Беларусь. Калесьнікаву зьмясьцілі ў СІЗА № 1 Менску як падазраваную ў крымінальнай справе, заведзенай паводле ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэксу. Потым Калесьнікаву перавялі ў турму ў Жодзіна, а ў пачатку студзеня перавезьлі цягніком у менскае СІЗА на Валадарскага.
16 верасьня сьледчыя прад’явілі Марыі Калесьнікавай абвінавачаньне паводле ч. 3 арт. 361 («Заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь, учыненыя з выкарыстаньнем СМІ і інтэрнэту»).
12 лютага прэс-служба Віктара Бабарыкі паведаміла , што Калесьнікаву абвінавацілі яшчэ паводле двух артыкулаў КК — у змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357 КК) і ў стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня і кіраўніцтве ім (ч. 1 арт. 361-1 КК).
У лютым былога адваката Марыі Калесьнікавай Людмілу Казак пазбавілі адвакацкай ліцэнзіі пасьля таго, як яе затрымалі, а потым абвінавацілі ў адміністрацыйным правапарушэньні паводле арт. 23.4 КаАП. Кваліфікацыйная камісія Міністэрства юстыцыі палічыла, што такім чынам Казак дыскрэдытавала званьне адваката.