На цырымоніі выступілі дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен і першая лэдзі Злучаных Штатаў Джыл Байдэн. Дзяржсакратар Блінкен падкрэсьліў падчас цырымоніі, што ЗША працягнуць дабівацца вызваленьня ўсіх палітычных вязьняў у Беларусі, у тым ліку Марыі Калесьнікавай.
Джыл Байдэн сказала, што справядлівыя выбары ў Беларусі паспрыяюць узмацненьню дэмакратыі ў ЗША. Яна адзначыла, што ў сучасным сьвеце праблемы не спыняюцца дзяржаўнымі межамі. «Вашае змаганьне — гэта нашае змаганьне», — сказала першая лэдзі ЗША, зьвяртаючыся да ляўрэатак прэміі.
«Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 году беларускія жанчыны сталі дамінантнай палітычнай сілай і рухальнай сілай грамадзкіх перамен у Беларусі, у немалой ступені дзякуючы Марыі Калесьнікавай, — гаворылася ў ранейшым паведамленьні Дзярждэпартамэнту ЗША.
Пасьля таго як улады пасадзілі ў турму або выслалі трох самых папулярных апазыцыйных кандыдатаў-мужчын, Марыя і яе партнэры кінулі гістарычны выклік 26-гадоваму праўленьню Аляксандра Лукашэнкі. Марыя, працягваючы заставацца асобай апазыцыі ўнутры Беларусі, мужна перажывае турэмнае зьняволеньне пасьля спрэчных выбараў. Нягледзячы на сваё затрыманьне, Марыя працягвае падтрымліваць дэмакратычны рух унутры Беларусі і служыць крыніцай натхненьня для ўсіх тых, хто імкнецца заваяваць свабоду для сябе і сваіх краін».
Акрамя Калесьнікавай, ляўрэатамі прэміі сталі грамадзянскія актывісткі з М’янмы, Камэруна, Кітая, Калюмбіі, Дэмакратычнай Рэспублікі Конга, Гватэмалы, Ірана, Нэпалу, Самалі, Гішпаніі, Шры-Ланкі, Турцыі, Венэсуэлы, а таксама пасьмяротна сем актывістак з Аўганістану, забітыя у 2020 годзе.
У чым абвінавачваюць Калесьнікаву
Марыю Калесьнікаву схапілі 7 верасьня 2020 году ў цэнтры Менску. На наступны дзень стала вядома, што яе і двух прадстаўнікоў Каардынацыйнай рады, Антона Раднянкова і Івана Краўцова, гвалтоўна вывезьлі ва Ўкраіну. Аднак Калесьнікаву выправадзіць зь Беларусі не ўдалося — на мяжы яна парвала свой пашпарт. Тады ёй выставілі абвінавачаньне «ў закліках да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь, учыненых з выкарыстаньнем СМІ і сеткі інтэрнэт».
У канцы сьнежня Генэральная пракуратура завяла супраць Калесьнікавай і іншых сяброў Каардынацыйнай рады крымінальныя справы «па фактах стварэньня экстрэмісцкага фармаваньня і кіраваньня ім з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам».
У лютым Калесьнікаву і аднаго зь яе адвакатаў Максіма Знака абвінавацілі ў «змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам» (ч. 1 арт. 357) і ў «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня і кіраваньні ім» (ч. 1 арт. 361-1), пакінуўшы пад вартай.
Яшчэ адзін адвакат Калесьнікавай — Ільля Салей — знаходзіцца пад хатнім арыштам. А яшчэ дваіх яе адвакатаў, Аляксандра Пыльчанку і Людмілу Казак, пазбавілі ліцэнзій.