Як паведаміў БелаПАН адзін з прадстаўнікоў адвакацкай супольнасьці, 3 сакавіка ў ведамства выклікалі сем адвакатаў. Атэстацыю прайшоў толькі адзін, тры — прайшлі ўмоўна, а Мікалай Ётка, Андрэй Барташэвіч, Алена Шынкарэвіч не атэставаныя. Няпройдзеная атэстацыя лічыцца падставай для пазбаўленьня ліцэнзіі, растлумачыў суразмоўца агенцтва.
Ён лічыць, што такім чынам улады спрабуюць пазбавіцца ад непажаданых адвакатаў, запалохаць астатніх і пазбавіць юрыдычнай абароны палітычных зьняволеных.
«У сакавіку на камісію выклікана некалькі дзясяткаў адвакатаў. Фармальная нагода можа быць любая, але сутнасьць адна — прыбраць тых, хто шмат гаворыць», — адзначыў юрыст.
Дзяржаўнае агенцтва БелТА цытуе тлумачэньне прэсавай службы Міністэрства юстыцыі, дзе гаворыцца: «Падчас атэстацыі асобныя адвакаты паказалі нізкі ўзровень ведаў дзейнага заканадаўства».
Паводле міністэрства, падчас плянавай праверкі ў 2020 годзе былі выяўлены парушэньні заканадаўства, якія «сьведчаць аб неналежным выкананьні асобнымі адвакатамі сваіх прафэсійных абавязкаў, што зьяўляецца падставай для правядзеньня кваліфікацыйнай камісіяй па пытаньнях адвакацкай дзейнасьці ў Беларусі пазачарговай атэстацыі адвакатаў».
Наступнае пасяджэньне кваліфікацыйнай камісіі прызначанае на 24 сакавіка.
Цяпер у Беларусі каля 200 адвакатаў, якія абараняюць грамадзян у рэзанансных справах, зьвязаных з правамі чалавека і палітычнымі працэсамі.
За апошні час ведамства пазбавіла ліцэнзій Аляксандра Пыльчанку і Людмілу Казак, гэта адвакаты Марыі Калесьнікавай. Супраць двух іншых яе абаронцаў распачатыя крымінальныя справы: Ільлю Салея абвінавачваюць па ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы), Максіма Знака — па гэтым жа артыкуле і яшчэ па ч. 1 арт. 357 (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 1 арт. 361-1 (па факце стварэньня Каардынацыйнай рады).
Акрамя таго, ліцэнзій пазбаўленыя адвакаты Юлія Леванчук, Канстанцін Міхель, Міхаіл Кірылюк, Максім Конан. Цяпер спрабуюць зрабіць гэта ў адносінах да Ўладзімера Сазанчука, які абараняе палітыка Міколу Статкевіча, блогера Дзьмітрыя Казлова і журналістку Кацярыну Андрэеву.