У судзе Цэнтральнага раёну Менску судзілі затрыманую 7 красавіка ў Прылуцкай Слабадзе сям’ю Міхайлавых, піша тэлеграм-канал «Вясна назірае». Раней у сям’і правялі ператрус.
Па словах менскай міліцыі, затрыманыя — «актыўныя ўдзельнікі флэш-мобу, арганізаванага на праспэкце Пераможцаў», а «падчас санкцыянаванага агляду домаўладаньня выяўленая атрыбутыка, якая асацыюецца з пратэставай».
30-гадовую Юлію Міхайлаву затрымалі ўжо шосты раз са жніўня. Судзьдзя Вікторыя Шабуня судзіла яе паводле ч. 3 арт. 24.23 КаАП. Пры гэтым у расклад суду гэтае пасяджэньне ня ўнесьлі.
Абвінавачаньне складалася з таго, што 6 красавіка Юлія з 18:05 па 18:20 удзельнічала ў несанкцыянаваным шэсьці ў складзе групы з 10 чалавек «з мэтай выказваньня свайго грамадзка-палітычнага настрою». У якасьці доказаў віны на судзе прадставілі фота Tut.by.
Па словах Юліі, яна сапраўды гуляла па праспэкце, але нічога не выкрыквала, нічым не махала і нічога не выказвала, хоць гэта напісана ў пратаколе. Пасьля затрыманьня сілавікі крычалі на яе і пагражалі.
Шабуня асудзіла Юлію Міхайлаву на 25 дзён арышту.
Маці дзяўчыны Тацяну арыштавалі на 5 содняў нібыта за тое, што адмовілася праехаць у РУУС. 56-гадовую жанчыну зьвінавацілі ў тым, што яна хапалася за форму міліцыянтаў, але сусед Міхайлавых, які выступіў сьведкам на працэсе, заявіў, што бачыў затрыманьне асабіста, і Тацяна не аказвала ніякага непадпарадкаваньня.
Судзьдзя Цэнтральнага суду Дзьмітры Карсюк не зьвярнуў на словы суседа-сьведкі ўвагі і асудзіў жанчыну да арышту. Тацяна — шматдзетная маці, у якой сямёра паўналетніх дзяцей. У жанчыны дыягнаставаны фіброз лёгкіх, з-за адкрытай форткі ў камэры ў яе пачалася задышка.
Трэцім за дзень асудзілі Пятра Міхайлава, брата асуджанай Юліі. Сьведка-міліцыянт слова ў слова зачытаў рапарт, напісаны міліцыянтамі пасьля затырманьня цэлай сям'і. Пры гэтым Пятро зьвярнуў увагу на тое, што насамрэч міліцыянты не былі ў адпаведнай форме, а прыехалі да іх у цывільным адзеньні. Выракам яму сталі 6 содняў.
Старэйшую сястру Лілію вызвалілі яшчэ 7 красавіка, бо ў яе непаўналетнія дзеці.