Праваабаронца Human Constanta Наста Лойка расказала «Медиазоне», што па выніках ператрусу ў Браніцкай канфіскавалі тэхніку і грошы. Паводле Насты Лойкі, ператрус праводзілі па справе аб масавых беспарадках (артыкул 293 Крымінальнага кодэксу). Браніцкую выклікалі на допыт у Галоўнае сьледчае ўпраўленьне аб 11-й гадзіне раніцы.
Human Constanta — беларуская праваабарончая арганізацыя, зарэгістраваная ў 2016 годзе. Яна займаецца абаронай правоў чалавека замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, прасоўваньнем антыдыскрымінацыі і адукацыі ў галіне правоў чалавека, а таксама лічбавымі свабодамі і правамі.
Эніра Браніцкая — былы палітвязень. У 2006 годзе яе асудзілі на 6 месяцаў арышту па арт.193.1 КК РБ (незаконная арганізацыя дзейнасьці грамадзкага абʼяднаньня, рэлігійнай арганізацыі ці фонду ці ўдзел у іх дзейнасьці). Тады Браніцкая працавала ў грамадзкай ініцыятыве «Партнэрства», якая зьбіралася назіраць за ходам прэзыдэнцкіх выбараў. Яе арыштавалі разам зь іншымі прадстаўнікамі «Партнэрства», а старшыня КДБ заявіў, што арышты адбыліся ў сувязі з датычнасьцю да падрыхтоўкі сілавога зьвяржэньня ўлады.
У сакавіку 2021 году галоўнае ўпраўленьне расьсьледаваньня злачынстваў цэнтральнага апарату Сьледчага камітэту Беларусі завяло крымінальную справу супраць Праваабарончага цэнтру «Вясна». У офісах рэгіянальных аддзяленьняў і кватэрах сяброў арганізацыі правялі ператрусы, іх выклікалі на допыты і іншыя працэсуальныя дзеяньні. У сьледчых ізалятарах цяпер некалькі праваабаронцаў і валянтэраў: Марфа Рабкова і Андрэй Чапюк (Менск), Леанід Судаленка (Гомель) і Тацяна Ласіца (Рэчыца). Усіх іх прызналі палітвязьнямі.
Праваабаронцы з усяго сьвету лічаць перасьлед палітычна матываваным. Як вынікае з афіцыйных камэнтароў Сьледчага камітэту, «Вясна» нібыта ажыцьцяўляе «фінансаваньне і іншае матэрыяльнае забесьпячэньне незаконных масавых мерапрыемстваў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (арт. 342 КК).