Я вельмі люблю супадзеньні — яны надаюць жыцьцю больш чароўнасьці і эстэтычнасьці. Але гісторыя беларускага пратэсту поўніцца іншымі — фэйкавымі супадзеньнямі.
Вось як цяпер — Генэральная пракуратура заяўляе, што новы закон па барацьбе з экстрэмізмам не пісалі пад бел-чырвона-белую сымболіку. Ну вядома ж, гэта ж проста такое супадзеньне, што закон перапісваюць менавіта тады, калі ўлады ўжо б’юцца ў гістэрыцы ад аднаго віду бел-чырвона-белага сьцяга і нават уводзяць тэрмін «бчб-схема».
Апошні год поўны такіх супадзеньняў — спачатку Аляксандар Лукашэнка абсалютна выпадкова апісвае схему правакацыі супраць Сяргея Ціханоўскага за некалькі гадзін да самой правакацыі, потым да банкіра Віктара Бабарыкі ўзьнікаюць фінансавыя пытаньні, і ён таксама аказваецца за кратамі. Усё гэта абсалютна выпадкова адбываецца тады, калі Ціханоўскі і Бабарыка дэманструюць жаданьне змагацца за прэзыдэнцкую пасаду і здабываюць шырокую грамадзкую падтрымку.
Падлічыць усе такія «супадзеньні» проста немагчыма. То на месцы афіцыйнага мітынгу ў падтрымку Сьвятланы Ціханоўскай ладзяць канцэрт, прысьвечаны дню чыгуначных войскаў, то каранавірус становіцца небясьпечным у ізалятарах, калі туды спрабуюць трапіць адвакаты, і губляе ўсякую сілу, калі Аляксандар Лукашэнка зьбірае так званы ўсебеларускі сход. Па яшчэ адным вялікім супадзеньні каранавірус не замінае трымаць людзей у перапоўненых камэрах на Акрэсьціна, але становіцца нагодай абмежаваць ці цалкам адмяніць для іх перадачы — раптам родныя заразяць адно аднаго на вуліцы.
Гэта вялізнае супадзеньне, што менавіта ў дні і гадзіны масавых пратэстаў у Менску зьнікае інтэрнэт. І ў тым, што пры вяртаньні ў Беларусь людзей, якіх раней судзілі за «ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве» дэталёва надглядаюць на мяжы, — таксама вялікае супадзеньне. Ну, а высочваньне і затрыманьне жанчын, у якіх ёсьць малыя дзеці, менавіта ў пятніцу — гэта чыстая выпадковасьць, а не заплянаваны зьдзек.
Само сабой так супала, што з пазачарговымі праверкамі прыйшлі менавіта ў тыя ўстановы, якія ўдзельнічалі ў нацыянальнай забастоўцы, і што чырвона-зялёны сьцяг вывесілі на жылым доме ў адным з самых пратэставых раёнаў — у Новай Баравой.
Але ж вось што цікава: звычайна супадзеньні робяць жыцьцё крыху больш хаатычным і непрадказальным, аднак зь беларускімі ўладамі і сілавікамі ўсё інакш — іх «супадзеньні» часта можна пралічыць загадзя. Аднак нават калі не атрымліваецца папярэдне падрыхтавацца да новых зьдзекаў, яны не становяцца нечаканымі. Напэўна, цяперашні рэжым ня ў стане ўжо прыдумаць нешта такое, што сапраўды зьдзівіць беларусак і беларусаў — мы ў курсе, што дна няма і што прабіваць глебу пад нагамі можна бясконца доўга.
І хопіць ужо хлусіць, нелегітымныя ўлады! Майце хоць бы гонар прызнацца, што вы нас ненавідзіце і гатовыя бясконца зьмяняць і парушаць законы, абы стаяць на сваім. Бо на гэтую гульню з «ой, яно так проста супала» ўжо агідна глядзець.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.