Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўніку АГП Мікалаю Казлову стала кепска падчас суду пасьля ночы на Акрэсьціна. Ён у шпіталі МУС


Мікалай Казлоў, архіўнае фота
Мікалай Казлоў, архіўнае фота

Мікалай Казлоў зьнік вечарам 22 сакавіка, знайшоўся на наступны дзень у ізалятары на Акрэсьціна. Падчас суду яму стала кепска, яго даставілі ў шпіталь МУС.

У судзе Цэнтральнага раёну Менску а 16-й гадзіне 23 сакавіка пачаўся разгляд справы Мікалая Казлова — старшыні афіцыйна зарэгістраванай Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП).

З чым зьвязана затрыманьне, да суду не было вядома. Але раней супраць яго завялі крымінальную справу за «наўмыснае разгалошваньне зьвестак дазнаньня, папярэдняга сьледзтва ці закрытага судовага пасяджэньня». Санкцыя прадугледжвае ад штрафу да 3 гадоў пазбаўленьня волі.

Працэс вядзе Дзьмітры Карсюк на падставе артыкула 24.3 (непадпарадкаваньне службовай асобе).

Суд пачаўся праз скайп, сувязь дрэнная, увесь час перарываецца. Мікалай Казлоў хадайнічаў, каб разбор адклалі для аказаньня яму належнай мэдычнай дапамогі. Маўляў, кепска сябе адчувае, падвысіўся ціск: суткі сядзеў у камэры на аднаго, дзе былі 8(!) чалавек.

Да таго ж на падлогу вылілі пад 20 літраў канцэнтраванага раствору хлёркі. У такім стане немагчыма паўнавартасна ўдзельнічаць у працэсе, заявіў палітык.

Таксама ён запатрабаваў, каб далі магчымасьць азнаёміцца з матэрыяламі справы. Судзьдзя сказаў, што гэта задавальняецца проста: будзе знаёміцца шляхам «абвяшчэньня матэрыялаў у працэсе».

Судзьдзя абвясьціў перапынак для таго, каб Мікалаю Казлову памералі ціск.

Мікалай Казлоў тлумачыў, што справа тычыцца дзейнасьці Каардынацыйнай рады. Ён тройчы адмовіўся даць падпіску аб невыдаваньні пасьля допытаў у Сьледчым камітэце — летась 30 сьнежня, а таксама сёлета 5 і 11 студзеня. За гэта на яго склалі пратакол за «непадпарадкаваньне», асудзілі на 15 дзён арышту, адпусьцілі з залі суду, адмянілі прысуд і перадалі на разгляд іншаму судзьдзі.

Яшчэ адзін пратакол паслалі на «дапрацоўку» і адклалі суд на няпэўны тэрмін; паводле яшчэ аднаго пратаколу затрымлівалі на тры дні ў пачатку сакавіка.

Лідэр партыі пакінуў распараджэньні на выпадак, калі справа скончыцца пазбаўленьнем волі, паведамляла прэсавая служба АГП.

Увечары 23 сакавіка на афіцыйнай старонцы АГП у Facebook паведамілі, што Мікалай Казлоў з ізалятару дастаўлены ў шпіталь МУС.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG