Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сябра Каардынацыйнай рады і старшыню АГП Мікалая Казлова выклікалі на допыт у СК трэці раз


Мікалай Казлоў
Мікалай Казлоў

Першы раз на допыт у Сьледчы камітэт Казлоў хадзіў 30 сьнежня. Тады ён там правёў больш за тры гадзіны.

Мікалая Казлова, як і шэраг іншых сяброў асноўнага складу Каардынацыйнай рады, выклікалі на допыт у Цэнтральны апарат СК. Першы раз ён хадзіў туды 30 сьнежня і правёў у будынку больш за тры гадзіны. Пры гэтым, па словах самога Казлова, большую частку гэтага часу яго ўгаворвалі даць падпіску аб невыдаваньні. Гэта адбывалася, нягледзячы на тое, што сам Казлоў даваць паказаньні адмовіўся, спаслаўшыся на 27-ы артыкул Канстытуцыі.

«Маімі паказаньнямі, нават калі гэта проста апытаньне сьведкі, могуць скарыстацца супраць мяне, — расказаў тады Мікалай Казлоў у размове са Свабодай. — Я спаслаўся на 27-ы артыкул Канстытуцыі, і ўсё. Зьбіраўся на гэтым і скончыць. Але супрацоўнікам СК гэтага здалося недастаткова. Яны любым спосабам спрабавалі вырваць зь мяне подпіс пад абавязаньнем аб невыдаваньні. Сьледчага, які мяне выклікаў, у выніку замяніла палкоўнік Аксана Перастэнка.

Яна на працягу 1,5 гадзіны спрабавала прымусіць мяне падпісаць гэтую паперу. Калі я чарговы раз адмовіўся падпісваць блянк падпіскі аб невыдаваньні, яна тады паспрабавала яго засунуць у пратакол допыту, каб я падпісаў там. Я адмовіўся, на гэтым нашая размова скончылася. Мне ўручылі яшчэ адну позву, на 5 студзеня».

Візыт у СК 5 студзеня таксама скончыўся для Мікалая Казлова нічым. Ён зноў адмовіўся даваць паказаньні і падпісваць дакумэнты аб невыдаваньні.

«Я лічу гэта неправамоцным, падпісаць такі дакумэнт адмовіўся, — сказаў Мікалай Казлоў Свабодзе. — У выніку ўсё так і скончылася, мяне адпусьцілі. Але ўручылі яшчэ адну позву — на 12 студзеня».

Гэта будзе ўжо трэці допыт Мікалая Казлова ў справе Каардынацыйнай рады. За кратамі цяпер чатыры сябры асноўнага складу гэтага органу — Алана Гебрэмарыям, Ксенія Луцкіна, Максім Знак і Марыя Калеснікава.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG