СК вінаваціць яго ў адмаўленьні ад падпіскі аб невыдаваньні.
Працэс быў прызначаны на 15 студзеня ў судзе Партызанскага раёну, але ён так і не пачаўся. Матэрыялы справы адпраўленыя на дапрацоўку.
Матэрыялы справы старшыні АГП і сябра асноўнага складу Каардынацыйнай рады Мікалая Казлова паступілі ў суд Партызанскага раёну са спазьненьнем. Працэс быў прызначаны на 11:00. Аднак адваката Казлова і яго самога паклікалі ў кабінэт судзьдзі толькі а 12:00. Пасьля кароткага знаёмства з матэрыяламі справы судзьдзя прыняў рашэньне накіраваць іх назад у Партыанскі РУУС. Судовы працэс так і не пачаўся.
Пратакол на Казлова склаў участковы Партызанскага РУУС пасьля таго, як старшыня АГП трэці раз запар адмовіўся даваць падпіску аб невыдаваньні падчас допыту ў Сьледчым камітэце. Упершыню ў «справе Каардынацыйнай рады» старшыня АГП Мікалай Казлоў хадзіў у СК яшчэ ў канцы 2020 году. Тады ж ён упершыню адмовіўся даваць паказаньні і падпісваць дакумэнт аб невыдаваньні. Казлова запрашалі на допыт у СК яшчэ некалькі разоў з тым жа вынікам. 12 студзеня стала вядома, што адмова даваць падпіску стала прычынай складаньня пратаколу.
«Пратакол на мяне склалі за тое, што я не падпісаў падпіску аб невыдаваньні ў Сьледчым камітэце, куды мяне выклікалі з нагоды справы аб дзейнасьці Каардынацыйнай рады, — гаварыў Казлоў. — Я спаслаўся на сваё права; лічу, у мяне ёсьць права не даваць такой падпіскі. Скарыстаўся сваім правам не падпісваць і не падпісаў. У СК гэта было ўспрынята як невыкананьне законных патрабаваньняў службовай асобы. І яны напісалі паперу ў Партызанскі РУУС, а там участковы ўжо склаў пратакол. Я яго лічу абсалютна беззаконным. Людзі ўжо настолькі згубілі берагі, што думаюць, што любое іхнае патрабаваньне законнае. А гэта ня так».
Што будзе далей з пратаколам Мікалая Казлова, пакуль невядома. Партызанскі РУУС мае некалькі тыдняў, каб выправіць усе памылкі. Сам Казлоў па-ранейшаму адмаўляецца даваць падпіску аб невыдаваньні матэрыялаў «справы Каардынацыйнай рады». Даваць паказаньні ў ёй ён таксама ня хоча.