Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сышоў, каб застацца ва ўладзе: два гады таму Назарбаеў перастаў быць прэзыдэнтам Казахстану


Нурсултан Назарбаеў падчас цырымоніі інаўгурацыі яго пераемніка Касым-Жамарта Такаева
Нурсултан Назарбаеў падчас цырымоніі інаўгурацыі яго пераемніка Касым-Жамарта Такаева

Два гады таму Назарбаеў сышоў з пасады прэзыдэнта. Ці стаў яго ўплыў у Казахстане меншы? Свой адказ на гэтае пытаньне прапануе тэлеканал «Настоящее время»

Роўна два гады таму, 19 сакавіка 2019 году, Нурсултан Назарбаеў пакінуў пасаду прэзыдэнта Казахстану, прабыўшы ва ўладзе амаль 30 гадоў. Але, як і прадказвалі экспэрты, адстаўка Назарбаева мала зьмяніла расклад палітычных сілаў: нават склаўшы паўнамоцтвы, Назарбаеў, або «Бацька нацыі», як яго называюць паплечнікі, ня страціў палітычнага ўплыву і па-ранейшаму застаецца галоўнай фігурай у краіне.

Калі Назарбаеў у сакавіку 2019 году заявіў аб адстаўцы, гэта для многіх стала нечаканасьцю. Кіраваць краінай Назарбаеў даверыў тагачаснаму старшыні Сэнату Касым-Жамарту Такаеву. Напачатку — часова, а пазьней, празь некалькі месяцаў, Такаеў перамог на датэрміновых прэзыдэнцкіх выбарах і афіцыйна заняў фатэль кіраўніка дзяржавы.

Экс-прэзыдэнт ачоліў Раду бясьпекі краіны — орган, які перад гэтым надзяліў, па сутнасьці, бязьмежнымі паўнамоцтвамі. У тым ліку ён атрымаў права падбору кадраў на ключавыя пазыцыі ў Казахстане: прызначаць кіраўніка Камітэту нацыянальнай бясьпекі, кіраўніка Службы зьнешняй выведкі або генэральнага пракурора прэзыдэнт ня можа без узгадненьня з Назарбаевым. Нават самастойна наняць людзей для сваёй адміністрацыі і службы аховы Касым-Жамарт Такаеў ня мае права.

«Усе мы будзем дапамагаць прэзыдэнту краіны. У краіне прэзыдэнт адзін. Ніякага дваяўладзьдзя дапускаць ня будзем», — заявіў Назарбаеў неўзабаве пасьля сыходу ў адстаўку, 23 траўня 2019 году.

На справе выйшла інакш. Склаўшы паўнамоцтвы прэзыдэнта, Назарбаеў вызваліў сябе ад рутыннай працы: неабходнасьці езьдзіць па рэгіёнах краіны, сустракацца з працоўнымі калектывамі. Але хоць з афіцыйнага сайта Акарды (адміністрацыі прэзыдэнта) зьнік разьдзел аб біяграфіі палітыка, ён атрымаў статус Елбасы (Лідэр нацыі), а яго палітычны ўплыў па-ранейшаму вялікі.

І гэты ўплыў быў бы яшчэ больш прыкметны, калі б Казахстан не сутыкнуўся з пандэміяй каранавірусу. У пэрыяд, калі нацыянальная сыстэма аховы здароўя задыхалася ад наплыву хворых, у аптэках заканчваліся лекі, а казахстанцы масава скардзіліся на некампэтэнтнасьць чыноўнікаў, кіраўнік Рады бясьпекі, які з прычыны ўзросту знаходзіцца ў групе рызыкі, наогул зьнік з інфармацыйнай прасторы: згадкі пра Елбасы ў СМІ ў той пэрыяд практычна зьніклі.

Яшчэ адно сьведчаньне бязьмежнага ўплыву былога прэзыдэнта — усё мацнейшы культ асобы. Шмат у якіх гарадах Казахстану імя Назарбаева носяць цэнтральныя праспэкты, школы, унівэрсытэты і спартыўныя збудаваньні. А ў сакавіку 2019 году, адразу пасьля адстаўкі Елбасы, у Нур-Султан перайменавалі сталіцу краіны, горад Астану.

«Вядома, як чалавеку мне гэта прыемна. Парлямэнт — гэта самастойная частка ўлады, яны маюць права прымаць рашэньні, выказваць сваё меркаваньне, — заяўляў Назарбаеў з нагоды перайменаваньняў. — Тым больш перайменаваньне гарадоў, населеных пунктаў там і гэтак далей, мы будзем вырашаць вельмі ўзважана, сувымерна таму, што неабходна для дзяржавы, для краіны».

Мітынгі супраць перайменаваньня сталіцы скончыліся арыштамі незадаволеных, але ні да чога не прывялі: 23 сакавіка 2019 году Астана афіцыйна зьмяніла назву на Нур-Султан.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG