Айсултан Назарбаеў, унук першага прэзыдэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева, папрасіў палітычнага прыстанішча ў Вялікай Брытаніі. Як патлумачыў ён у сацыяльных сетках, прычына — ціск з боку сям’і.
«Я прашу ў Вялікай Брытаніі палітычнага прыстанішча», — напісаў Айсултан на сваёй старонцы ў Facebook.
Як піша «Інтэрфакс», свой крок ён абгрунтаваў тым, што на яго робіцца «вялізны ціск» з боку родзічаў. Айсултан адзначыў, што ўсе дэталі неўзабаве можна будзе прачытаць у ягоным інтэрвію лёнданскай The Times.
29-гадовы Айсултан у кастрычніку 2019 году быў асуджаны на ўмоўны тэрмін за напад на паліцыянта ў Лёндане. Прысуд прадугледжваў выпрабавальны тэрмін у 18 месяцаў, лячэньне ад нарказалежнасьці, грамадзкія работы і штраф.
Айсултан Назарбаеў — сын старэйшай дачкі экс-прэзыдэнта Казахстану Дарыгі Назарбаевай і ягонага зяця, цяпер нябожчыка Рахата Аліева. Унук казахстанскага лідэра скончыў Каралеўскую вайсковую акадэмію ў Сандхэрсьце і быў залічаны ў штат галоўнага выведнага ўпраўленьня Міністэрства абароны Казахстану.