Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Назарбаеў расказаў, як дапамагаў уцякаць двум прэзыдэнтам


Прэзыдэнты Казахстану і Кіргізстану Нурсултан Назарбаеў і Курманбек Бакіеў, Бішкек, 27 красавіка 2007 г.
Прэзыдэнты Казахстану і Кіргізстану Нурсултан Назарбаеў і Курманбек Бакіеў, Бішкек, 27 красавіка 2007 г.

Былы прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў расказаў, як дапамагаў былым прэзыдэнтам — Аскару Акаеву і Курманбеку Бакіеву — пакінуць Кіргізстан пасьля зьмены ўлады.

Гэта ён апавядаў у інтэрвію для дакумэнтальнага фільму «Штрыхі да партрэту».

Назарбаеў кажа, што былога прэзыдэнта Кыргызстану Аскара Акаева яму «давялося вывезьці з Бішкеку ў Тараз гелікоптэрам». «Складаная абстаноўка была, там яны маглі абстраляць, але каб канфрантацыі не было, я яго вывез», — дадаў ён.

Зь іншым былым прэзыдэнтам, Курманбекам Бакіевым, зь яго словаў, была «такая ж гісторыя». «У Ошы засеў, сабраў прыхільнікаў сваіх, узброіў і гатовы быў ісьці ў бок Бішкеку. Я кажу: „Курманбек, ты што робіш, навошта? Праліеш кроў. Зноў хочаш сесьці прэзыдэнтам? І як ты будзеш працаваць пасьля гэтага?“ — сказаў ён.

Назарбаеў сьцьвярджае, што ён у той дзень стэлефанаваўся з кіраўніком часовага ўраду Кіргізстану Розай Атунбаевай, якая нібыта папрасіла яго: „Што-небудзь зрабіце, супакойце Курманбека“. Пасьля гэтага ён прапанаваў Бакіеву вывезьці яго з Ошу.

У гэты час, паводле яго, у Вашынгтоне праходзіла нарада аб ядзерных пытаньнях, прэзыдэнтам Расеі тады быў Дзьмітрый Мядзьведзеў, прэзыдэнтам ЗША — Барак Абама.

„Ёсьць фатаграфія, дзе мы ўтрох выйшлі. Стаім і шэпчамся. Гэта акурат пра Кіргізстан было — што пачынаецца грамадзянская вайна. Бакіеў хоча рухацца з узброенымі аддзеламі ў бок Бішкеку, нешта трэба рабіць. Я сказаў: я буду вывозіць Бакіева, хай расейскія зьнішчальнікі прыкрыюць мой самалёт, які будзе вывозіць“, — расказаў Назарбаеў.

„Міністрам абароны тады быў Адзільбек Джаксыбекаў, я кажу: «Давай самалёт». Ён пачаў высьвятляць праз вайсковую выведку. У Ошы ў аэрапорце, кажа, на паласе выгрузілі друз. Ні сесьці, ні вылецець было немагчыма. Я кажу: «Ты дакладна ведаеш гэта?» Ён кажа: «Недакладна, але сказалі так. Там немагчыма». Я сказаў: «Адпраўляй самалёт, хай зьніжаецца. Калі ўбачыць, што друз ляжыць, хай ляціць назад, калі не — хай сядае». Курманбеку сказаў: «Узьлятае борт, рыхтуйся са сваімі». Яны прыляцелі, ніякага друзу не было. Селі і з ходу забралі яго зь сям’ёй і прывезьлі да нас. Калі б гэтага не зрабілі, там бы праліцьцё крыві было вялікае. «Не забывай гэтага», — кажу“.

Першы прэзыдэнт Кіргізстану Аскар Акаеў кіраваў 15 гадоў — з 1990 па 2005 год. Вынікі парлямэнцкіх выбараў у 2005 годзе прывялі да народных хваляваньняў з шматтысячнымі акцыямі пратэсту. 24 сакавіка 2005 году Аскар Акаеў і яго сямʼя ўцяклі з краіны і атрымалі прытулак у Расеі, дзе знаходзяцца дагэтуль.

Аляксандар Лукашэнка і Курманбек Бакіеў, Менск, 6 жніўня 2019 г.
Аляксандар Лукашэнка і Курманбек Бакіеў, Менск, 6 жніўня 2019 г.

Курманбек Бакіеў быў прэзыдэнтам Кіргізстану у 2005–2010 гадах. Ён прыйшоў да ўлады на хвалі пратэстаў супраць улады Аскара Акаева, але яго самога ў красавіку 2010 году зрынула апазыцыя. Бакіеў уцёк з Кіргізстану і цяпер разам зь сямʼёй жыве ў Беларусі, дзе атрымаў грамадзянства. Улады Кіргізстану марна патрабуюць яго выдачы. На радзіме сямʼю Бакіевых вінавацяць у арганізацыі замаху на жыцьцё брытанскага бізнэсоўца Шона Дэйлі і злоўжываньні службовым становішчам. Былы прэзыдэнт завочна асуджаны на 30 гадоў пазбаўленьня волі, абвешчаны яго вышук.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG