Дачка былога прэзыдэнта Казахстану Дарыга Наразбаева вызвалена ад пасады сьпікера Сэнату — верхняй палаты парлямэнту краіны. З чым зьвязанае гэтае рашэньне, не ўдакладняецца.
Указ пра спыненьне ейных паўнамоцтваў падпісаў цяперашні прэзыдэнт Касым-Жамрат Такаеў, якога на пост кіраўніка дзяржавы ў свой час прапанаваў сам Нурсултан Назарбаеў. Ягоная дачка Дарыга пры гэтым лічылася другім чалавекам у дзяржаве.
У Твітэры Касым-Жамрат Такаеў падзякаваў Дарызе Назарбаевай «за актыўную і выніковую працу».
Сьпікерам Сэнату дачка Назарбаева была з 20 сакавіка 2019 году, калі ейны бацька аб'явіў, што сыходзіць з пасады прэзыдэнта, якую займаў амаль 30 гадоў. Нават пасьля адстаўкі 79-гадовага Нурсултана Назарбаева шмат хто лічыць ключавым чалавекам у кіраўніцтве Казахстану, ад якога залежаць усе асноўныя палітычныя рашэньні.
Назарбаеў узначальвае кіроўную партыю Нур-Атан і пажыцьцёва кіруе Радай бясьпекі. У ягоны гонар перайменавалі сталіцу Казахстану Астану ў Нур-Султан.
Калі Дарыга Назарбаева пачала працаваць у парлямэнце ў 2016 годзе, гэта расцанілі як спробу Назарбаева падрыхтаваць сабе пераемніка.
Дарызе Назарбаевай 56 гадоў.