На сайце Petitions.by 18 сакавіка зьявіўся зварот да Міністэрства ўнутраных спраў аб спыненьні катаваньняў у ізалятарах часовага ўтрыманьня ў Менску, Жодзіне і іншых гарадах. Пэтыцыю падтрымаў Праваабарончы цэнтар «Вясна». Зварот на момант публікацыі падпісалі 200 чалавек.
«Мы перакананыя, што парушэньне ўмоваў утрыманьня зьяўляецца жорсткім абыходжаньнем і спэцыфічным выглядам катаваньняў, бо прычыняе фізычныя і маральныя пакуты затрыманым, арыштаваным, іх блізкім і грамадзтву, — пішуць у звароце. — Мы лічым, што мэтай парушэньня ўмоваў утрыманьня з боку супрацоўнікаў органаў унутраных спраў зьяўляецца менавіта прычыненьне фізычных і маральных пакутаў людзям».
Сярод парушэньняў называюць:
- нетлумачэньне правоў і абавязкаў;
- перапоўненасьць камэраў;
- нявыдача матрацаў, коўдраў, бялізны, прадметаў гігіены;
- адсутнасьць пітной вады ў дастатковай колькасьці і прымальнай якасьці;
- непрымальная якасьць ежы;
- антысанітарыя ў камэрах;
- нізкая тэмпэратура, адсутнасьць ацяпленьня і вэнтыляцыі ў камэрах, адсутнасьць цёплай вады;
- пазбаўленьне магчымасьці карыстацца душам;
- адсутнасьць шпацыраў доўгі час або ўвесь час зьняволеньня;
- адсутнасьць кантактаў са зьнешнім сьветам, у тым ліку карэспандэнцыі;
- нявыдача пісьмовых прыладаў і паперы для напісаньня скаргаў;
- перашкоды і працяглае прыпыненьне прыёму перадач зьняволеным;
- і іншыя парушэньні, негуманнае стаўленьне і незаконныя дзеяньні.
У пэтыцыі патрабуюць зрабіць захады дзеля аднаўленьня правоў людзей, якія чакаюць суду ў няволі або адбываюць адміністрацыйны арышт, а таксама правесьці поўную і ўсебаковую праверку ізалятараў у Менску на Акрэсьціна і ў Жодзіне.