Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дайце нам адзін дзень без рэпрэсій, і пабачыце, як нас шмат». Баскетбалістка Алена Леўчанка — пра беларускую мару


Алена Леўчанка. Архіўнае фота.
Алена Леўчанка. Архіўнае фота.

Славутая баскетбалістка Алена Леўчанка, падпісантка ліста вольных спартоўцаў — пра рашэньне Міжнароднага Алімпійскага камітэту не прызнаваць Віктара Лукашэнку старшынём НАК, самы шчасьлівы дзень пасьля 9 жніўня і беларускую мару.

  • Алена Леўчанка, 37 гадоў. Нарадзілася ў Гомлі, у 14 гадоў пераехала гуляць у баскетбол у Менск. У 17 гадоў зьехала ў ЗША, дзе атрымала вышэйшую адукацыю. Праз 7 гадоў вярнулася гуляць у Эўропу. Лічылася ў дзясятцы найлепшых баскетбалістак Эўропы. У 2010 годзе падпісала кантракт з клюбам жаночай баскетбольнай асацыяцыі WNBA і ўваходзіла ў кола амэрыканскіх celebrity.
  • Алена Леўчанка — фотамадэль, удзельнічала ў модных паказах, арганізоўвала дабрачынныя акцыі. Выступае за зборную Беларусі па баскетболе з 2001 году. Удзельніца Алімпійскіх гульняў у Пэкіне і Рыё-дэ-Жанэйра, чэмпіянатаў сьвету 2010 і 2014 гг., а таксама чэмпіянатаў Эўропы 2007, 2009, 2011, 2013 і 2015 гг.
  • Алена Леўчанка — падпісантка ліста вольных спартоўцаў, адна са стваральнікаў Свабоднага аб’яднаньня спартоўцаў Беларусі. Удзельнічала ў пратэстах пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, выказвалася супраць гвалту і за новыя выбары. За ўдзел у пратэстах адседзела 15 сутак у турме на Акрэсьціна. Мае бел-чырвона-белы сьцяг зь вершніцай, які ёй падарылі дзяўчаты з Новай Баравой. Цяпер грае за вядучы грэцкі баскетбольны клюб «Панатынаікос».

Глядзіце размову цалкам на відэа.

Асноўныя тэзісы Алены Леўчанкі.

Пра непрызнаньне Міжнародным алімпійскім камітэтам Віктара Лукашэнкі як старшыні НАК Беларусі

— Я ня з тых людзей, якія будуць сьмяяцца і казаць, што так вам і трэба. Трэба ставіцца да ўсяго адказна. Выбары ў НАК былі прымітыўныя і прадказальныя. Такое адчуваньне, што перажывалі зноў жнівеньскія падзеі, калі ЦВК агучыў выніковыя лічбы. Трэнэр Казека прадставіў двух нашых прадстаўнікоў у НАК, што цалкам было праігнаравана. Пра нейкія сумленныя выбары гаварыць сьмешна, як і пра кандыдатаў. Такое адчуваньне, што людзі проста памяняліся месцамі. Думаю, што яны не паставіліся адказна, калі Міжнародны алімпійскі камітэт гаварыў пра рэпрэсаваных спартоўцаў, пра санкцыі, пра тое, што яны назіраюць за НАК Беларусі. Яны ня ставіліся да гэтага сур’ёзна, і МАК гэтага так не пакінуў.


Пра жаночую рэвалюцыю ў Беларусі і жанчын за кратамі

Беларуская баскетбалістка Алена Леўчанка. Архіўнае фота.
Беларуская баскетбалістка Алена Леўчанка. Архіўнае фота.

— Я ганаруся тым, што я беларуска. У нас цудоўныя жанчыны. Я ўдзельнічала ў жаночых маршах, я ведаю, колькі нашых моцных жанчын сядзіць цяпер у турмах. Я не магу ўявіць, што цяпер перажываюць жанчыны за кратамі. Я сама была там два тыдні. А Натальля Хершэ, мая сукамэрніца, асуджаная на два з паловай гады. У яе лістах столькі моцы, столькі пазытыву. Хочацца пажадаць усім гэтым жанчынам сілы. Яны ў іх ужо ёсьць. Яны неймаверныя і моцныя. Мы хочам быць салідарнымі з усімі гэтымі жанчынамі. Галоўнае — даць ім зразумець, што яны не адны, што ў іх ёсьць вялізарная падтрымка. Цяпер гэта самае важнае. Я захапляюся людзьмі, якія ахвяруюць сваёй свабодай за праўду.


Пра тое, як сама зьмянілася за 7 месяцаў

Марш справдлівасьці. 26 верасьня.
Марш справдлівасьці. 26 верасьня.

— Усё зьмянілася гэтым летам, калі пабачыла, часткай якой нацыі я зьяўляюся. Пачынаеш ганарыцца тым, што ты беларус, беларуска. Я пабачыла цудоўных людзей, пасядзела з таленавітымі, адукаванымі жанчынамі. І я мянялася ўвесь час, калі глядзела на сваю краіну, на людзей, на нашу салідарнасьць. Такога не было ніколі. Намі захапляюцца ва ўсім сьвеце. Раней на многія рэчы не зьвяртала ўвагі, займалася спортам, выступала за краіну. А цяпер пражываю ўсё гэта. Для мяне няма нічога больш важнага, чым барацьба за нашу свабоду, за магчымасьць быць свабоднымі і шчасьлівымі, выказваць сваю думку і не баяцца, што па цябе прыйдуць. Я ганаруся нашымі людзьмі. У мяне была вялізарная падтрымка. Калі я была ў турме, прыходзілі ў камэру новыя жанчыны і расказвалі, як на маршы з маімі фоткамі людзі хадзілі. Цяпер я ў Грэцыі, спрабую як мага болей даваць інтэрвію міжнародным СМІ пра сытуацыю ў Беларусі.

Пра адзін дзень без рэпрэсій


— Мы ніколі ня будзем іншымі. Чым больш будзе рэпрэсій, тым больш народ будзе супраціўляцца. Магчыма, гэта будзе ня той пратэст, што быў летам. Але я кажу: дайце нам адзін дзень, калі вы ня будзеце рэпрэсаваць, і давайце паглядзім колькі нас. Я перакананая, што гэта будзе не 100, не 200, не 300, не 400 тысяч і не палова мільёна, а больш. Толькі ў Менску.

Пра самы шчасьлівы і самы дрэнны дзень за апошнія 7 месяцаў


— Мой самы шчасьлівы дзень быў 16 жніўня. Вялізарную сілу, энэргетыку, салідарнасьць я адчула на першым маршы. Памятаю вочы людзей, якія глядзелі адзін на аднаго з захапленьнем, павагай і гонарам. Гэтага ніколі не было раней, я ніколі такога ня бачыла. Я пабачыла гэта ў той дзень, і я яго не забуду ніколі.

Алена Леўчанка пасьля затрыманьня і суду.
Алена Леўчанка пасьля затрыманьня і суду.

Самыя гадкія дні былі ў турме, калі я прапусьціла маршы. Найгоршы быў дзень, калі забілі Рамана Бандарэнку. Цяжка, калі людзей садзяць на вялікія тэрміны. Я гэта цяжка перажываю, але імкнуся не засяроджвацца на дрэнным, а глядзець на тое, колькі пазытыву і колькі добрага. Мы настолькі моцныя, калі мы разам. Рэжым хоча, каб мы былі паасобку, каб нас запалохаць. Самае галоўнае, калі цяжка, трэба трымацца разам і падтрымліваць адзін аднаго.

Пра мірную рэвалюцыю як маратон, а ня спрынт

Алена Леўчанка
Алена Леўчанка

— Я і тады ведала, што будзе маратон. І добра, што маратон, бо мы не былі б такія, як цяпер. Любую сытуацыю трэба пражыць, адчуць, і гэта замацуе стрыжань, корань, каб устаяць у будучыні. Мы жылі 26 гадоў з гэтым, таму ня можа ўсё быць хутка. Спартоўцы разумеюць, што такое маратон. У нас былі траўмы, мы ведаем, што такое аднаўленьне, на якое патрэбны час, каб вярнуцца ў форму. Мы ведаем, што такое набраць форму. Гэта таксама маратон. Большая частка дарогі пройдзена. Усе чакаюць вясны, зьменаў, што людзі выйдуць. Нават калі і ня выйдуць праз моцныя рэпрэсіі, мы кожны можам рабіць сваю справу. Нездарма ў нас дзяды былі партызанамі. Беларусы — моцныя партызаны... Мы будзем увесь час казаць рэжыму, што ня хочам і ня вернемся ў той стан, у якім былі.

Пра жыцьцё ў Грэцыі і беларускую мару


— Мы яшчэ не пачалі чэмпіянат у Грэцыі праз пандэмію. Кожны дзень я прачынаюся і адразу чытаю навіны зь Беларусі. Нядаўна быў матч зорак WNBA, і я яго не паглядзела. Уся мая ўвага сканцэнтраваная на маёй краіне, на людзях, на падтрымцы. Мая мара — свабодная краіна і перамены. Часам нават мне бывае цяжка, але я веру, што ў нас усё атрымаецца. Мая мара — быць свабоднай. Калі я сядзела ў турме з жанчынамі, я ганарылася, таму што я там была за свабоду. Я змагаюся за свабоду сваёй краіны, каб мы, мае дзеці, унукі і праўнукі былі свабоднымі. Ня хочам мы жыць у гэтым больш. І маладыя людзі, якія ведаюць адзінага прэзыдэнта на працягу 26 гадоў, ня хочуць больш так жыць. І я мару вярнуцца ў свабодную Беларусь як мага хутчэй.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG