«Неабходна карэктаваньне па ўсіх кірунках — ад крымінальнага да працоўнага. Размова не павінна ісьці толькі пра закручваньне гаек. Дзесьці павінна быць узмацненьне адказнасьці, а дзесьці і паслабленьні», — цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба.
Лукашэнка заявіў: заканадаўства мусіць ня толькі апэратыўна рэагаваць на любыя парушэньні, але і папярэджваць магчымыя пагрозы. Ён праінфармаваў, што ў Палаце прадстаўнікоў, прэзыдэнцкай адміністрацыі, Савеце бясьпекі і іншых ведамствах падрыхтавана каля дзесяці законапраектаў. Неўзабаве гэтыя дакумэнты будуць «апэратыўна ўведзеныя ў дзеяньне».
«Жыць спакойна нам не дадуць»
«Як паведамляюць спэцслужбы, жыць спакойна нам не дадуць. А значыць, трэба быць гатовымі да любых праяваў дэструктыўнай актыўнасьці: ад заклікаў да незаконных забастовак да маніпуляваньня сьвядомасьцю з дапамогай інтэрнэт-тэхналёгій. На кожны падобны крок мусяць быць адэкватныя інструмэнты рэагаваньня. Людзі павінны ведаць зьмены законаў, азнаёміцца зь іх зьместам і дакладна разумець, якія будуць наступствы за невыкананьне», — сказаў ён.
Лукашэнка прыгразіў, што ўкіды ў інтэрнэт — пэрсанальныя зьвесткі, пагрозы сем’ям, дзецям сілавікоў — «павінны выразацца гарачым жалезам».
Кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Ігар Сергеенка падчас нарады адзначыў, што праведзены маштабны перагляд заканадаўства. Паводле яго, пры гэтым адштурхоўваліся як ад падзеяў пасьлявыбарнага пэрыяду, так і зь неабходнасьцю папярэджаньня новых формаў «дэструктыўнай актыўнасьці».