Магуфулі прапусьціў відэаканфэрэнцыю кіраўнікоў краін Усходняй Афрыкі 27 лютага, паведамляе кенійская газэта People Daily. Апазыцыя сьцьвярджала, што палітык на лячэньні ў шпіталі ў сталіцы Кеніі Найробі. У сераду былы кандыдат ад апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах у Танзаніі Тунду Лісу заявіў, што прэзыдэнта перавезьлі на лячэньне ў Індыю і ён пры сьмерці.
Танзанія ня публікуе статыстыкі аб колькасьці пацярпелых ад каранавірусу з красавіка мінулага году. Магуфулі ня ўводзіў у краіне карантыну і раіў лячыцца малітвамі. Паводле афіцыйных зьвестак, у Танзаніі захварэлі на COVID-19 толькі 509 чалавек, 21 пацыент памёр. Краіна адкрытая для замежных турыстаў.
Першы віцэ-прэзыдэнт паўаўтаномнага рэгіёну Занзібар Сэйф Хамад у лютым памёр ад каранавіруснай інфэкцыі. Неўзабаве пасьля гэтага міністар фінансаў Танзаніі Філіп Мпанга ўзяў удзел у прэс-канфэрэнцыі, каб абвергнуць чуткі, што ён таксама памёр ад COVID-19. Пры гэтым міністар цяжка кашляў і хрыпеў.
Пра пагаршэньне сытуацыі з каранавірусам новага тыпу ў Танзаніі ў студзені заявіла амбасада ЗША. 26 лютага паездкі ў краіну забараніла Чэхія. Каталіцкая царква заклікала ўрад краіны прызнаць пандэмію і рэкамэндавала вернікам пазьбягаць масавых сходаў.
Улады Танзаніі эпідэмію па-ранейшаму адмаўляюць, як і зьнікненьне кіраўніка дзяржавы. Міністар прававых адносін Мвігулу Нчэмба заявіў у Твітэры, што прэзыдэнт не абавязаны зьяўляцца на публіцы. «Кіраўнік дзяржавы не тэлевядоўца, каб пастаянна быць у эфіры. Кіраўнік дзяржавы – ня трэнэр бегу, каб прабягаць міма вас кожны дзень», – напісаў ён.