Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: дзень народзінаў Льва Гарошкі і Тодара Кляшторнага


Тодар Кляшторны
Тодар Кляшторны

Падзеі 11 сакавіка ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

11 сакавіка 1903 году нарадзіўся Тодар Кляшторны, беларускі паэт. У 1937 годзе Кляшторны быў асуджаны НКВД як «член антысавецкай арганізацыі», яму прысудзілі найвышэйшую меру пакараньня з канфіскацыяй маёмасьці.

Ці ведаеце вы краіну, дзе быць пісьменьнікам ужо азначала б у вачах улады — быць небясьпечным злачынцам, вартым самага жорсткага пакараньня? Гэтая краіна, магчыма, адзіная ў сьвеце — Беларусь. Ня трэба казаць, што я згушчаю фарбы: маўляў, хоць Саюз беларускіх пісьменьнікаў і хацелі ліквідаваць, самім жа літаратарам, адрозна ад палітыкаў, гэта не пагражала. Ну хіба што пасадзілі б на год-два ці змусілі зьехаць за мяжу.

Але сёньня мы гаворым пра часы прамінулыя, якія, што праўда, маюць у нас уласьцівасьць паўтарацца ня толькі ў выглядзе камэдыі. У кастрычніку 1937-га ў гонар дня беларускага камсамолу энкавэдысты расстралялі ў Менску больш за дваццаць літаратараў.

У наступную ноч сьпіс ахвяраў папоўніўся новымі імёнамі , сярод якіх апынуўся паэт Тодар Кляшторны.

Ён ня быў антысаветчыкам, але меў схільнасьць да імпрэсіянізму, што й уратавала ягоную паэзію ад сумнавядомай «пралеткультаўшчыны». Апрача таго, на творчым рахунку Тодара была паэма «Калі асядае муць», на якую жорстка нападалі цэрбэры вульгарна-сацыялягічнай крытыкі.

Пасьля сьмерці паэта яго жонку з чатырохмесяцавай малодшай дачкой Маяй адправілі ў Акмолінскі канцлягер, а старэйшых дзяцей — у дзіцячы дом.

Кляшторнага рэабілітавалі ў 1957-м, але і праз дваццаць гадоў рэдактары й цэнзары працягвалі рупліва шукаць у яго вершах крамольныя падкопы.

У выніку жыцьцярадасныя, з гарэзіяй радкі:

Варушыць певень цёртую салому
І топча па чарзе прысадзістых курэй...

ператвараліся ў сваю процілегласьць:

Варушыць певень цёртую салому
І корміць зернямі прысадзістых курэй.

Ягоныя творы вярнуліся ў зборнікі і хрэстаматыі.

Яго дачка Мая Тодараўна — адна з кіраўнікоў «Мартыралёгу Беларусі», абаронца Курапацкага мэмарыялу, сьветлая, надзіва мяккая й адначасова непахісная жанчына, якую ведае ўся краіна.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне

Таксама ў гэты дзень

1566 — зацьверджаны другі Статут Вялікага Княства Літоўскага — звод законаў фэадальнага права, помнік беларускага пісьменства і юрыдычнай думкі.

1985 Міхаіл Гарбачоў пасьля сьмерці Канстанціна Чарненкі быў прызначаны генэральным сакратаром ЦК КПСС.

1990 — Вярхоўны Савет Літоўскай ССР прыняў акт, якім заявіў аб выхадзе рэспублікі са складу Савецкага Саюзу.

2011 — у выніку моцнага цунамі адбылася аварыя на японскай АЭС «Фукусіма».

У гэты дзень нарадзіліся

1887Алесь Гарун, беларускі паэт і дзяяч беларускага Адраджэньня пачатку XX стагодзьдзя.

1911 Леў Гарошка, беларускі рэлігійны дзяяч і навуковец, галоўны рэдактар часопіса «Божым шляхам», архімандрыт грэка-каталіцкай царквы.

Барыс Кіт і айцец Леў Гарошка. Парыж, 1958
Барыс Кіт і айцец Леў Гарошка. Парыж, 1958

Той, каму давялося хоць колькі дзён пражыць пад гасьцінным дахам Беларускай каталіцкай місіі ў Лёндане, пагодзіцца, што прысутнасьць колішняга яе рэктара архімандрыта Льва Гарошкі адчувалася там на кожным кроку.

І ў беларускай грэка-каталіцкай царкве Сьвятых Пятра й Паўла на Holden Road. I ў залях Беларускай бібліятэкі імя Францішка Скарыны (яе асноваю, дарэчы, сталі кніжныя й рукапісныя зборы айца Льва).

I на лугавіне пры тамтэйшым Доме марыянаў, дзе архімандрыт любіў у вольную пару, успамінаючы юнацтва, шырока памахаць касой.

Ён вучыўся ў Наваградзкай беларускай гімназіі й Львоўскай духоўнай акадэміі, студыяваў тэалёгію ў Інсбруку, выдаваў беларускі малітоўнік у Рыме, кіраваў лёнданскай Беларускай школай імя Сьвятога Кірылы Тураўскага і Беларускай сэкцыяй Радыё Ватыкан.

Толькі чалавек зласьлівы ці абыякавы назаве ягоны шлях пакручастым. Гэта было плаваньне карабля, які ведае, у якую гавань кіруецца, а таму спадарожныя вятры начуюць у ягоных ветразях.

Асноўнай тэмаю сваіх навуковых дасьледаваньняў Леў Гарошка зрабіў ролю царквы — найперш грэка-аталіцкай — у кансалідацыі й нацыянальным адраджэньні беларусаў, якіх сьвецкія Леў Гарошка і духоўныя
ўлады Расеі й Польшчы разглядалі як галоўны аб’ект іх асымілятарскай палітыкі.

Бліскучая адукацыя і валоданьне дзесяцьцю мовамі ўводзілі айца Льва ў асяродзьдзе эўрапейскай духоўнай эліты, дзе ён ніколі не пакутаваў ні на якія застарэлыя беларускія комплексы.

Найлепшым сьведчаньнем гэтаму ёсьць выдаваны ў Парыжы, а затым у Лёндане часопіс «Божым Шляхам», шматгадовым рэдактарам якога быў Гарошка.

Яго зямная сьцежка абарвалася падчас апэрацыі ў парыскім шпіталі.

«Жыў, як леў, а памёр, як ягнё», — пісаў у разьвітальным слове наш біскуп Часлаў Сіповіч.

Дасьціпны востры розум Льва Гарошкі доўжыць сваё жыцьцё ў ягоных кнігах: «Сьвятая Эўфрасіньня Прадслава Полацкая, патронка Беларусі» (Парыж, 1950; Менск, 1996), «Навука і рэлігія» (Рым, 1977), «Пад знакам „рускае“ і „польскае“ веры» (1954, 1990).

Працуючы над «Імёнамі Свабоды», я зноў і зноў сумоўнічаў з айцом Львом, і гэта штораз рабілася маленькім сьвятам.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне

У памяці

1839 — памёр Сымон Канарскі — дзяяч вызвольнага руху 1830-х, удзельнік паўстаньня 1831 году, ахвяра рэпрэсій расейскіх каляніялістаў.

Юзаф Пілсудзкі любіў пажартаваць у тым духу, што Польшча — як абаранак: у сярэдзіне дзірка, а ўсё лепшае па краях.

Пад «краямі» меліся на ўвазе гэтак званыя «крэсы», а ў дадзеным выпадку — беларускія землі, адкуль паходзілі й сам «начальнік» адроджанай Польскай дзяржавы, і Тадэвуш Касьцюшка, і Адам Міцкевіч, і шмат іншых выбітных асобаў — нашых суайчыньнікаў, якіх палякі да сёньня імкнуцца адназначна прылічыць да сваёй гісторыі.

З гэтага шэрагу і народжаны на Беласточчыне герой вызвольнага руху першай паловы XIX стагодзьдзя Сымон (Шыман) Канарскі. Дваццацітрохгадовым ён, сын ня надта заможнага шляхціча, стаў пад сьцягі інсургентаў 1831-га.

У складзе корпусу генэрала Хлапоўскага Сымон браў удзел у баях з расейскімі войскамі пад Гайнаўкай, Лідай і Вільняй. Апынуўшыся пасьля разгрому паўстаньня на эміграцыі ў Францыі, Канарскі далучыўся да арганізацыі «Помста люду», што рыхтавала экспэдыцыю на радзіму з мэтаю ўзнавіць барацьбу.

Сымон узяўся стварыць партызанскі аддзел у сваім Аўгустоўскім павеце. З фальшывым пашпартам ён перайшоў мяжу, аднак у Кракаве быў схоплены аўстрыйскімі жандарамі.

Улетку 1835-га ён усё ж таемна прыехаў у Расейскую імпэрыю. Знаходзячыся пад уплывам гiсторыка i палiтыка Яўхіма Лялевеля, аўтара крылатага закліку «За нашу і вашу свабоду!», Канарскі ня толькі ствараў для будучага змаганьня нелегальныя ячэйкі патрыётаў.

Таварыскі, адукаваны і надзелены непахіснай вераю ў сваю праўду, ён здолеў наладзіць сувязі з афіцэрамі віленскага, берасьцейскага і бабруйскага гарнізонаў. Ужо абмяркоўвалася дата супольнага выступу, але і III аддзяленьне імпэратарскай канцылярыі не драмала...

У чэрвені 1838-га група расейскіх афіцэраў спрабавала наладзіць Сымону ўцёкі з астрогу, аднак небясьпечнага вязьня ахоўвалі надзвычай пільна.

У наступным годзе дзяржаўнага злачынцу вялі па Вільні на расстрэл.

Праз чвэрць стагодзьдзя тое самае сакавіцкае віленскае неба апошні раз убачыў Каліноўскі.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, 2020


1906 — быў павешаны расейскімі ўладамі эсэр Іван Пуліхаў. У студзені 1905 году Пуліхаў зрабіў замах на жыцьцё менскага губэрнатара Паўла Курлова, але бомба ня выбухнула.

Іван Пуліхаў
Іван Пуліхаў

30 кастрычніка 1905 году ў губэрнскую сталіцу прыйшлі зьвесткі пра царскі маніфэст, які абвяшчаў дэмакратычныя свабоды. Натхнёныя вызваленьнем палітвязьняў, мітынгоўцы здолелі сабраць на прывакзальным пляцы дваццаць тысяч менчукоў. Губэрнатар Курлоў даў дазвол страляць. На зямлі засталося болей за сто забітых.

Партыя эсэраў вынесла Курлову сьмяротны прысуд. Яго выканаўцу вызначала лёсаваньне, але той, каму выпаў гэты кон, спалохана адмовіўся. Тады за справу добраахвотна ўзяўся Іван Пуліхаў, дапамагчы якому пагадзілася эсэрка Аляксандра Ізмайловіч.

Замах быў няўдалы: бомба, кінутая Іванам у губэрнатара, ня выбухнула. (Ёсьць сьведчаньнi, што напярэдаднi запал бомбы быў абясшкоджаны „ахранкай“ з дапамогаю агента-правакатара.) Івану й Аляксандры, якая тады ж беспасьпяхова страляла ў паліцмайстра Норава, часовы вайсковы суд прызначыў найвышэйшую кару. Для Ізмайловіч, дачкі царскага генэрала, сьмерць замянілі бестэрміновымі катаржнымі работамі. Пуліхаў у сакавіку 1906-га быў павешаны. Дзеля запалохваньня менчукоў ягонае цела чатыры дні вісела на браме Пішчалаўскага замку, цяперашняй Валадаркі. (Левую эсэрку Аляксандру Ізмайловіч на сёмым дзясятку гадоў расстралялі ўжо бальшавікі.)»

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, 2020

1938 — расстраляны Эрвін Краінскі-Савіцкі, супрацоўнік газэты «Красноармейская звезда» зь Менску. Арыштаваны 20 траўня 1937 году. Асуджаны як сябра контрарэвалюцыйнай шпіёнскай арганізацыі.

1941 — памёр у зьняволеньні Аляксандар Уласаў, рэдактар і выдавец першай беларускай газэты «Наша Ніва». У 1918 годзе ўвайшоў у склад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У кастрычніку 1939 году Ўласаў быў арыштаваны НКВД і перавезены ў Менск. У лістападзе 1940 году засуджаны на 5 гадоў канцлягераў за «шпіёнска-правакатарскую дзейнасьць».

Аляксандар Уласаў зь сям'ёй у Мігаўцы
Аляксандар Уласаў зь сям'ёй у Мігаўцы

Высокі, атлетычнага складу, з зухавата падкручанымі вусамі й утульным густым басам, Аляксандар Уласаў прэтэндуе на ролю самай калярытнай ды імпазантнай постаці нашага нацыянальнага руху. У ягоным фальварку

Мігаўка стаялі разнастайныя спартовыя прыстасоны, на якіх гаспадар, сказалі б цяпер, «качаўся» і выпрабоўваў дужасьць і спрыт візытантаў. Ці ня першы ў навакольлі ён рызыкнуў надзець шорты, спарадзіўшы панічную чутку, што сэнатар ходзіць у майтках. Госьці ціха войкалі, калі бачылі ў каміннай залі «невялічкую», паводле слоў уладальніка Мігаўкі, пяцімэтровую канапу, паседжваючы на якой, дзядзька Аляксандар мэлянхалічна выпіваў пяцілітровы імбрычак моцнай гарбаты.

Але шмат у чым гэты Але шмат у чым гэты арыгінал і волат заставаўся па-дзіцячаму наіўным.

У верасьні 1939-га ён з кошыкам яблыкаў сустракаў чырвонаармейцаў.

Неўзабаве — «каб працаваць дзеля дабра Беларусі» — Уласаў выправіўся ў Маладэчанскі аддзел асьветы. Адтуль яго накіравалі ў НКВД, дзе ветлівы супрацоўнік прапанаваў былому сэнатару пісьмова распавесьці пра ранейшую дзейнасьць.

Дзядзька Аляксандар напісаў сямнаццаць старонак і пачуў задаволенае: «На обвинительный акт достаточно». Дадому, асуджаны за «шпионско-провокаторскую деятельность» на пяць гадоў канцлягераў, ён ужо не вярнуўся.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, 2020


1955 — памёр Аляксандар Флемінг, брытанскі біёляг і фармаколяг, вынаходнік пэніцыліну, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па фізіялёгіі і мэдыцыне.

2006 — у турме Гааскага трыбуналу памёр Слабадан Мілошавіч. У сувязі з ваеннымі канфліктамі на Балканах Мілошавіч быў абвінавачаны судом па больш як 60 пунктах, сярод іншага ў генацыдзе і злачынствах супраць чалавецтва.

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG