Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супраць аднаго зь лідэраў магілёўскіх пратэстаў на «хіміі» распачалі крымінальную справу. Яму пагражае зона

абноўлена

Валадар Цурпанаў
Валадар Цурпанаў

Магілёўскага праваабаронцу і аднаго зь мясцовых лідэраў леташніх пратэстаў Валадара Цурпанава з папраўчай установы адкрытага тыпу («хіміі») этапавалі ў сьледчы ізалятар Магілёва. Пра гэта стала вядома ад жонкі Ірыны.

Пазьней Ірына даведалася ў дзяжурнай частцы Круглянскага РАУС, што муж знаходзіцца ў мясцовым ізалятары часовага ўтрыманьня да этапаваньня ў Магілёў. Калі тое адбудзецца, невядома.

Валадар Цурпанаў адбываў трохгадовае пакараньне на «хіміі» ў райцэнтры Круглае, што на Магілёўшчыне, за абразу судзьдзяў. 10 сакавіка ён паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook, што супраць яго распачалі крымінальную справу. Актывіста азнаёмілі з пастановай аб гэтым, дзе адзначана, што яго падазраюць ва ўхіленьні ад адбыцьця пакараньня ва ўстанове адкрытага тыпу.

Паводле пастановы, асуджаны «дапусьціў шэраг парушэньняў парадку і ўмоваў адбыцьця пакараньня». Сярод іх згадваецца ляжаньне на ложку ў недазволены час і незапраўленае спальнае месца. Дзеяньні Цурпанава кваліфікаваныя як «прыкметы злачынства, прадугледжанага артыкулам 415 Крымінальнага кодэксу (ухіленьне ад адбываньня пакараньня ў выглядзе абмежаваньня волі). Санкцыя гэтага артыкула прадугледжвае пазбаўленьне волі да трох гадоў.

Раней Цурпанаў пісаў, што чакае этапаваньня ў сьледчы ізалятар Магілёва, дзе яго будуць трымаць да суду, які і мае вырашыць ягоны лёс.

Актывіст лічыць, што пасьля таго, як яго зрабілі «схільным да дэструктыўных дзеяньняў», паставіўшы на прафіляктычны ўлік, крымінальны перасьлед — лягічнае разьвіцьцё сытуацыі. На «хіміі» актывіст адмаўляецца выконваць патрабаваньні, якія, на ягоную думку, парушаюць чалавечы гонар і годнасьць. Свае дзеяньні ён называе «грамадзкім непадпарадкаваньнем».

«У маёй сытуацыі ў мяне засталося толькі захаваць сябе, ня здрадзіўшы сваім каштоўнасьцям, прынцыпам, справе», — тлумачыць ён.

Валадар Цурпанаў у апазыцыі з канца 1980-х гадоў. Ён кіраваў абласной арганізацыяй Партыі БНФ. У 1997-м галадаў 10 дзён у ізалятары. З галадоўкі выходзіў у лякарні. У жніўні 2020-га дамогся сустрэчы з кіраўнікамі гарадзкой і абласной выканаўчай улады, паведаміў ім патрабаваньні «вуліцы» ды пераконваў сустрэцца з пратэстоўцамі. Агулам за чатыры месяцы пратэстаў правёў у няволі 43 дні. 10 дзён трымаў сухую галадоўку, пратэстуючы супраць незаконнага зьняволеньня. Быў шпіталізаваны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG