«У нас ёсьць адна канкрэтная праблемы, і мы спадзяемся хаця б на супрацу Беларусі ў яе вырашэньні. [...] Мы не прадугледжваем ніякіх палітычных перамоў у бліжэйшай будучыні, мы гатовы сустрэцца і надаць інфармацыю на тэхнічным узроўні», — працытавала Матулёніса выданьне delfi.lt.
Дарадца Наўседы таксама дадаў, што літоўскі бок прааналізуе, якая ўласнасьць Беларусі ёсьць у Літве.
«Спачатку мы павінны яе ацаніць, а потым паглядзім, спатрэбяцца пэўныя рашэньні ці не», — сказаў Дэйвідас Матулёніс.
10 сьнежня літоўскія перавозьнікі выйшлі на акцыю пратэсту каля літоўскага парлямэнту. Уздоўж галоўнага праспэкту Вільні яны паставілі каля паўсотні сваіх седлавых цягачоў без прычэпаў.
Нягледзячы на адкрытую мяжу, улады Беларусі не дазваляюць літоўскім грузавікам выяжджаць з краіны і адпраўляюць іх на спэцыяльныя пляцоўкі, дзе за кожную грузавую машыну або паўпрычэп спаганяецца штодзённая плата 120 эўра, а таксама пагражаюць сканфіскаваць іх пасьля 4 месяцаў стаянкі.
Паводле асацыяцыі перавозьнікаў Літвы Linava, ад пачатку крызісу страты ў перавозках грузаў, паводле ацэнак транспартных кампаніяў, дасягнулі амаль 100 млн эўра і растуць штодня.
Пасьля актывізацыі патоку мэтэазондаў з кантрабандай зь Беларусі, якія ня раз парушалі працу аэрапортаў, у кастрычніку ўрад Літвы закрываў апошнія пункты пропуску Меднікі і Салечнікі на мяжы зь Беларусьсю. Улады Беларусі ў адказ забаранілі рух зарэгістраваных у Літве грузавікоў па краіне, зьмясьцілі іх на стаянкі і налічваюць 120 эўра платы за кожныя содні нават пасьля таго, як урад Літвы зноў адкрыў мяжу. Улады Беларусі дамагаюцца перамоваў на высокім узроўні, на што літоўскія ўлады ісьці ня хочуць, каб не легітымізаваць рэжым.
9 сьнежня Аляксандар Лукашэнка агучыў патрабаваньні да Літвы:
- вярнуць «17 ці 20 аўтамабіляў», якія канфіскавалі падчас дастаўкі ў Зымбабвэ,
- аднавіць працу беларускага санаторыя ў Друскеніках,
- вярнуць грошы, укладзеныя ў будаўніцтва порта ў Клайпедзе.
Форум