Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі на аўкцыён выставілі яшчэ адну гістарычна-культурную каштоўнасьць


Дом рамесьніка ў Паставах другі раз выставілі на продаж
Дом рамесьніка ў Паставах другі раз выставілі на продаж

На плятформе Беларускай унівэрсальнай біржы 17 сьнежня адбудуцца таргі на колішні Дом рамесьніка ў Паставах Віцебскай вобласьці.

Як адзначаецца на сайце біржы, пачаткова цана аб’екту складае 21 155,22 рубля. Першы крок таргоў — 1 057,76 рубля.

Будынак пад двухсхільным дахам пабудаваны ў 1760–1780 гады ў стылі барока. Нізкі паверх на галоўным фасадзе завяршае фігурны шчыт з мансардавым акном у цэнтры. Яго спраектаваў італьянскі архітэктар Джузэпэ Сака, які ў 1770-х гадах працаваў пры двары караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага і ўдзельнічаў у будаўніцтве рынкавага пляцу ў Паставах.

Згодна з умовамі аўкцыёну, новы ўласьнік мае цягам 30 дзён пасьля набыцьця дому падпісаць ахоўны абавязак. Цяпер гэты аб’ект належыць віцебскаму прадпрыемству «Белсаюздрук».

Будынак будзе перааформлены ў прыватную ўласнасьць, але зямельны ўчастак у тры соткі перададуць у арэнду на 50 гадоў. Новы ўласьнік зможа перарабіць будынак у жылы або разьмясьціць які-кольвек аб’ект сацыяльнага ці транспартнага абслугоўваньня, у тым ліку краму, гатэль, мэдычны, аздараўленчы, спартовы ці турыстычны цэнтар і г.д.

У таргах могуць удзельнічаць беларускія і замежныя грамадзяне, а таксама дзяржаўныя і недзяржаўныя юрыдычныя асобы.

Гэта будзе другая спроба прадаць Дом рамесьніка — 12 лістапада аўкцыён не адбыўся, бо не зарэгістраваўся ніводзін ахвочы набыць гістарычную каштоўнасьць. Тады стартавая цана складала 105 776,08 рубля.

Дом знаходзіцца ў цэнтры Паставаў, дзе раней быў Рынак. Асноўная частка архітэктурнага ансамблю захоўвалася да 1950-х гадоў. Потым некалькі будынкаў, а таксама гандлёвыя рады зьнесьлі. Ад забудовы пляцу ў XVIII стагодзьдзі засталіся колішнія Дом лекара, тры дамы рамесьнікаў, жылы дом і гатэль. Архітэктурны ансамбль уключылі ў Дзяржаўны сьпіс гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG