Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арцыбіскуп Кандрусевіч: У кожную эпоху патрэбныя ня столькі рэфарматары і рэвалюцыянэры, колькі людзі мудрыя і сьвятыя


Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, ганаровы мітрапаліт Менска-Магілёўскі, сказаў у гаміліі падчас імшы 7 сакавіка ў новапабудаваным касьцёле Сьвятога Казіміра ў Стоўбцах, што маральныя каштоўнасьці ня могуць дэвальвавацца.

Як паведамляе партал Рымска-каталіцкага касьцёла ў Беларусі, герарх працытаваў тэолага ХХ стагодзьдзя Мары-Дамініка Шэню, які лічыў, што «самым важным у жыцьці чалавека зьяўляецца мудрасьць». Гэтая мудрасьць праяўляецца «ва ўменьні належным чынам арганізаваць жыцьцё самога чалавека і грамадзтва, а таксама ў здольнасьці прымаць адпаведныя рашэньні і аб’ектыўна ацэньваць сытуацыю».

«Мы жывем у такі час, калі натуральныя рэчы, вырабы і нават ежа замяняюцца штучнымі, бо яны таньнейшыя, — сказаў Кандрусевіч. — Але ніколі таньнейшымі не могуць быць маральныя каштоўнасьці. Яны не могуць дэвальвавацца. Эвангельле дадзена нам не для таго, каб мы яго зьмянялі, але каб яно зьмяняла нас згодна з патрабаваньнямі маральнага закону».

«Жыцьцё чалавека зьяўляецца няспыннай барацьбой, у якой дабром мы павінны перамагаць зло. У кожную эпоху гісторыі чалавецтва патрэбныя не столькі рэфарматары і рэвалюцыянэры, колькі людзі мудрыя і сьвятыя», — падкрэсьліў ганаровы мітрапаліт Менска-Магілёўскі.

Кандрусевіч амаль чатыры месяцы ў 2020 годзе правёў у выгнаньні. Герарха, які пасьля прэзыдэнцкіх выбараў актыўна заклікаў уладу спыніць гвалт і пайсьці на дыялёг з грамадзтвам, 31 жніўня не ўпусьцілі ў краіну з замежнай паездкі. Пасьля было заяўлена, што МУС прызнаў яго пашпарт несапраўдным. Аляксандр Лукашэнка некалькі разоў абвінаваціў Тадэвуша Кандрусевіча ў тым, што ён выяжджаў у Польшчу «для кансультацый, як разваліць краіну».

Вырашаць сытуацыю з Кандрусевічам у верасні ў Беларусь прыяжджаў сакратар у пытаньнях адносінаў Ватыкану зь дзяржавамі арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, у сьнежні — апостальскі нунцый у Вялікабрытаніі, экс-нунцый у Беларусі арцыбіскуп Кляўдыё Гуджэроці.

Кандрусевіч змог вярнуцца ў Беларусь напярэдадні Божага Нараджэньня — 24 сьнежня. 3 студзеня 2021 году папа Францішак прыняў просьбу Кандрусевіча аб адстаўцы ў сувязі з дасягненьнем 75 гадоў. Да прызначэньня новага мітрапаліта Менска-Магілёўскага кіраваць архідыяцэзіяй у якасьці апостальскага адміністратара прызначаны біскуп Казімір Велікаселец.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG