Пра гэта паведамляе БелаПАН, адзначаючы, што ў Беларусі па 2019 год уключна на тле павелічэньня заробкаў і высокіх тэмпаў спажывецкага крэдытаваньня розьнічны таваразварот, які адлюстроўвае спажывецкую актыўнасьць насельніцтва, рос даволі хутка.
Аднак летась сытуацыя прынцыпова зьмянілася, падкрэсьлівае агенцтва. Тэмпы росту розьнічнага тавараабароту пастаянна запавольваліся, паводле вынікаў году паказьнік вырас усяго на 1,8%, а ў студзені сёлета ў параўнаньні са студзенем мінулага году нават зьнізіўся на 0,9%.
«Прычын скарачэньня ўнутранага попыту некалькі, – піша Белапан. – Першая – зьніжаюцца рэальныя даходы, якія многія беларусы ацэньваюць у валютным эквіваленце. (...) Другая вельмі важная прычына скарачэньня ўнутранага попыту – дарагія крэдыты. Партфэль спажывецкіх крэдытаў банкаў зь верасьня мінулага года штомесяц скарачаецца і з улікам дадзеных за студзень гэтага году зьменшыўся амаль на 8%».
Экспэрты ня бачаць на сёньня перадумоў для павелічэньня ўнутранага попыту ў гэтым годзе.
«У бюджэце дэфіцыт, дзяржава ня можа павялічваць зарплаты ў рэальным выражэньні. Эканамічныя чаканьні нэгатыўныя, таму і камэрцыйныя арганізацыі наўрад ці будуць павышаць зарплаты сваім працаўнікам, – падкрэсьліў у камэнтары для БелаПАН дырэктар Дасьледчага цэнтра ІПМ Аляксандар Чубрык. – Пры якіх умовах сытуацыя зьменіцца і ўнутраны попыт пачне расьці? Калі эканамічная і палітычная нявызначанасьць зьменіцца ў насельніцтва і прадпрыемстваў на ўпэўненасьць у заўтрашнім дні».