«У касавым апараце скончыўся запас стужкі, тры разы пазычалі ў суседніх крамах, — піша рэдактар часопісаў Андрэй Дынько і дзякуе ўсім, хто за гэтыя два дні прыйшоў набыць „Нашу гісторыю“, „Дуду“ і „Асьцярожна, дзеці!“. — Гэта было прыгожа, столькі салідарнасьці ў нашым народзе цяпер. У выніку, насуперак тым, каго Янка Купала называў „ворагамі беларушчыны“, у часопісаў зьявяцца новыя чытачы, якія раней і ня ведалі пра іх».
Ён просіць беларусаў і надалей падтрымліваць выданьні, якія «душаць» улады — набываць іх штомесяц або падпісвацца, а таксама працягваць высылаць электронныя звароты да ўладаў, каб часопісы, патрэбныя для інтэлектуальнага росту, вярнулі ў шапікі «Белсаюздруку».
Пакуль часопісы плянуюць штомесяц 2 дні прадаваць у рэдакцыі «Народнай волі». У выпадку, калі часопісы выкінуць і з падпіскі, рэдакцыя плянуе наладзіць уласную сыстэму дастаўкі, як было з газэтай «Наша ніва» ў 2006–2008 гадах.
Раней «Белсаюздрук» адмовіўся распаўсюджваць незалежныя газэты «Народная воля», «Новы час» і іншыя.