Дата дня
25 лютага 1947 году нарадзіўся беларускі мастак і грамадзкі дзяяч Яўген Шатохін. Ён удзельнічаў у праўленьні Беларускага саюзу мастакоў і ўваходзіў у мастацкую суполку «Пагоня».
Ён быў чалавекам цьвёрдых перакананьняў.
Гэта могуць засьведчыць аднапартыйцы з КХП БНФ, мастакі з суполкі «Пагоня», удзельнікі пленэраў у родных мясьцінах Васіля Быкава, Язэпа Драздовіча, Напалеона Орды, куды Яўген, бывала, прыяжджаў ажно з Францыі. Ад 1990-га да 1999-га ён быў дэпутатам Пінскага гарсавету, выклікаючы шалёную нянавісьць у апанэнтаў-лукашыстаў.
Менш вядомыя падзеі зь Яўгенавага юнацтва, калі ён, не жадаючы з ідэйных меркаваньняў служыць у савецкай арміі, нейкі час вёў паўгалоднае і небясьпечнае жыцьцё таёжнага самотніка. У выніку Шатохіна ўзяліся «привлекать за тунеядство». «Ты дзе працуеш? Дзе тваё працоўнае месца?» — роў на яго чалавек у форме. «Я — мастак. А мы на працы ўдзень і ўначы». І раптам архангельскі мент астыў і крыху разгублена прамовіў: «Амаль як я». Справа не атрымала ходу.
Ён хораша сябраваў з намі, літаратарамі. Ганарыўся, што ў Сойме БНФ працаваў разам з Быкавым. Стварыў выдатны партрэт Барадуліна.
Але для мяне Жэня быў яшчэ й капітанам. Ці, можа, лепей так — Капітанам.
Калісьці недзе пад Піцерам ён купіў стары вельбот. Дадому, у Пінск, Яўген вярнуўся зь яхтай. У 2011-м мы сяброўскай кампаніяй зьдзейсьнілі на гэтай яхце, якая завецца «Сакавік 25», вандроўку ад Пінску да Турава. Дасюль сьняцца белыя чаплі, вячыстыя дубровы, сонныя вужы на цёплым пяску...
Мы ішлі пад бел-чырвона-белым сьцягам.
Пад ім Капітан адплываў і ў апошняе падарожжа.
Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, 2020, с.618–619
Таксама ў гэты дзень
1918 — створанае Менскае беларускае прадстаўніцтва — палітычнае аб’яднаньне беларускіх партыяў і групаў лібэральнай і правацэнтрысцкай арыентацыі ў 1918 — пачатку 1919 году.
1921 — савецкія войскі занялі Тбілісі. У Грузіі гэты дзень лічаць Днём савецкай акупацыі.
1956 — на закрытым пасяджэньні XX зьезду КПСС Мікіта Хрушчоў выступіў з дакладам пра культ асобы Ёсіфа Сталіна. Гэты даклад паклаў пачатак працэсу дэсталінізацыі ў СССР.
У гэты дзень нарадзіліся
1871 — Леся Ўкраінка, украінская паэтка і пісьменьніца.
1879 — Гасан Канапацкі, беларускі вайсковец, дзяяч нацыянальна-вызвольнага руху.
1906 — Павал Каруза, беларускі фальклярыст, кампазытар, грамадзка-палітычны дзяяч.
1909 — Сяргей Дарожны, беларускі паэт, грамадзкі і культурны дзяяч.
1943 — Джордж Гарысан, ангельскі музыка, удзельнік гурту The Beatles.
1957 — беларускі паэт Алесь Пісьмянкоў.
У памяці
1959 — памёр Клаўдзі Дуж-Душэўскі, беларускі архітэктар і палітычны дзяяч. Распрацаваў эскіз сьцяга БНР.
У сваім багатым на падзеі жыцьці, прысьвечаным беларускай справе, выхаванец Пецярбурскага горнага інстытуту Клаўдзі Дуж-Душэўскі сумленна й плённа працаваў на розных афіцыйных і неафіцыйных пасадах: ад выкладчыка Віленскай беларускай гімназіі да дзяржаўнага сакратара ва Ўрадзе БНР на чале з Вацлавам Ластоўскім.
Але ў прышласьці, калі бел-чырвона-белы сьцяг зноў стане дзяржаўным, мы будзем шанаваць Душэўскага найперш за тое, што менавіта ён на падставе гістарычных сьведчаньняў і колераў народных строяў і арнамэнтаў стварыў эскіз Беларускага сьцяга.
Дакладная дата яго зацьверджаньня ня выяўленая, аднак ужо ўвесну 1917-га, за год да абвяшчэньня БНР, бел-чырвона-белы сьцяг успрымаўся па ўсёй Беларусі сваім. 12 сакавіка, калі ў Менску праходзіў Дзень беларускага значка, на вуліцах былі вывешаныя дзясяткі сьцягоў. Улетку наш сьцяг узьнялі на віленскім Катэдральным пляцы. Першы Ўсебеларускі зьезд у сьнежні 1917-га ўжо прызнаваў Сьцяг нацыянальным сымбалем краіны.
Пасьля далучэньня Літвы да СССР старшыня Беларускага нацыянальнага цэнтру ў Коўне архітэктар Дуж-Душэўскі трапіў у савецкую турму. Падчас нямецкай акупацыі яго за дапамогу габрэям кінулі ў нацысцкі канцлягер. У лютым 1952-га Душэўскі як «актыўны беларускі нацыяналіст» быў асуджаны да 25 гадоў зьняволеньня ў канцлягерах савецкіх.
Праз тры дзесяцігодзьдзі пасьля яго сьмерці бел-чырвона-белы сьцяг залунаў над менскім Домам ураду.
Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, 2020, с.256–257
1960 — памерла Ўладзіслава Луцэвіч, жонка Янкі Купалы і стваральніца яго музэю.