Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нельга паказваць сэрцайка і іншыя жэсты». Адвакат пра суд над Віктарам Бабарыкам


Віктар Бабарыка на судзе 17 лютага.
Віктар Бабарыка на судзе 17 лютага.

Адвакат былога кіраўніка «Белгазпрамбанку» Віктара Бабарыкі Дзьмітры Лаеўскі расказаў «Настоящему времени», што адбывалася на судзе і ці ёсьць у абароны надзея на справядлівы суд.

Паводле адваката, пакуль ідзе судовы разбор, у яго няма магчымасьці канфідэнцыйна кантактаваць з падабаронным — толькі ў залі суду, і то размаўляць фактычна не дазваляюць, бо канвой атачае клетку шчыльным колам і падысьці да яе немагчыма.

Учора Віктар Бабарыка прасіў суд дазволіць яму жэстыкуляваць, бо ён у працэсе зносін зь любымі людзьмі актыўна жэстыкулюе, а канвой на судзе забараняе яму наогул рабіць любыя жэсты — нават проста падымаць і апускаць рукі. Як адзначае адвакат, прававых нормаў, якія б дазвалялі накласьці такую забарону, няма. Судзьдзя дазволіў Бабарыку жэстыкуляваць «у рамках дачы паказаньняў», а ў астатні час «гэта не кампэтэнцыя суду — нешта тут рэгуляваць».

«Таму Віктару Дзьмітрыевічу нельга паказваць сэрцайка і рабіць іншыя жэсты», — дадае адвакат.

Паводле адваката, яму не вядома, што Бабарыку нібыта ўгаворваюць выехаць за мяжу ў абмен на зьдзелку (інфармацыя пра гэта зьяўлялася ў СМІ).

«Я думаю, што калі б яны былі, то, вядома, Віктар Дзьмітрыевіч бы гэта, безумоўна, абмяркоўваў з намі, таму што ў нас зь ім дастаткова высокі ўзровень даверу, як гэта і трэба для абароны. Нічога такога я пацьвердзіць не магу адназначна. Гэта, напэўна, нейкія інсынуацыі людзей, якія хочуць стварыць абстаноўку недаверу да сумленнага чалавека, які трапіў пад незаконны крымінальны перасьлед», — кажа Дзьмітры Лаеўскі.

Ён ня стаў камэнтаваць тое, што шэсьць абвінавачаных па «справе Белгазпрамбанку» заключылі пагадненьне аб супрацоўніцтве, але дадаў, што «прызнаньне віны кім-небудзь ці ўсімі, акрамя Бабарыкі, абсалютна не даказвае яго вінаватасьць».

Дзьмітры Лаеўскі кажа, што ўмовы справядлівага суду ў гэтым працэсе «пачалі не выконвацца яшчэ да таго, як справа стала разглядацца», бо тое, што Вярхоўны суд разглядае справу ў якасьці суду першай інстанцыі, пазбаўляе абвінавачаных магчымасьці падаць апэляцыю. Плюс абмежаваньне зносін з падабаронным, немагчымасьць скапіяваць матэрыялы справы, хоць працэс нібыта адкрыты, і, вядома ж, само абвінавачаньне.

Суд над Віктарам Бабарыкам пачаўся 17 лютага ў Менску. Бабарыку прад’явілі абвінавачаньні ў атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры, а таксама легалізацыі («адмываньні») грошай, атрыманых злачынным шляхам, у асабліва буйным памеры. Віны ён не прызнаў.

Суд праходзіць у паўзакрытым рэжыме: сваякі дапускаюцца, але без тэлефонаў і пляншэтаў, прыхільнікаў Бабарыкі ў суд не пусьцілі, а са СМІ акрэдытавалі толькі ляяльныя ўладам выданьні. Першы дзень у асноўным быў прысьвечаны хадайніцтвам абароны: адвакат прасіў адводу судзьдзі з прычыны магчымага канфлікту інтарэсаў і замены зьняволеньня на хатні арышт. Таксама Бабарыка прасіў вылучыць 1 дзень на тыдзень для азнаямленьня са справай і прасіў дазволіць яму жэстыкуляваць. Хадайніцтвы аб зьмене меры стрыманьня і магчымасьці для адваката кантактаваць з падабаронным не задаволілі.

Перасьлед Віктара Бабарыкі і яго прыхільнікаў. Што важна ведаць

  • Віктара Бабарыку абвінавацілі ў «адмываньні» сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (па частцы 2 арт. 235 КК), і атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры (па частцы 3 арт. 430 КК).
  • У крымінальнай справе «Белгазпрамбанку» 122 тамы. Справу разглядаў Вярхоўны суд у будынку суду Маскоўскага раёну.
  • 22 сакавіка абарона Бабарыкі заявіла пярэчаньні на прад’яўленыя абвінавачаньні, бо апісаньне, якое ёсьць у іх, не дазваляла ў дастатковай ступені зразумець, у якіх менавіта дзеяньнях абвінавачанага Бабарыкі ўгледзілі злачынства, заявіў адвакат Дзьмітры Лаеўскі. Таксама ён адзначыў, што ў абвінавачаньні няма апісаньня інкрымінаваных дзеяньняў з указаньнем часу, месца, спосабу, іншых абставінаў іх учыненьня. Адвакат папрасіў далучыць да матэрыялаў справы дакумэнт, у якім выклаў «дэфэкты абвінавачаньня».
  • Віктар Бабарыка віны не прызнае.​

Хроніка перасьледу

  • 10 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка даручыў заняцца праверкамі прыватных кампаніяў, якія нібыта звальняюць тых, хто адмаўляецца ставіць подпісы за вылучэньне альтэрнатыўных кандыдатаў. Ён загадаў «прашарсьціць гэтых пузатых буржуяў, каб яны несьлі адказнасьць за людзей».
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній, у знаёмых патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі прайшлі ператрусы. Камітэт дзяржкантролю заявіў аб завядзеньні крымінальных спраў за адмываньне грошай і ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
  • Віктар Бабарыка назваў гэта атакай на яго асабіста, хоць сам у справе тады не фігураваў, і заявіў пра «палітычны характар» дзеяньняў сьледчых, якія ня маюць прамога кампрамату на яго.
  • 11 чэрвеня арыштавалі каардынатарку выбарчага штабу Бабарыкі Сьвятлану Купрэеву па абвінавачаньні ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
  • 12 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што Бабарыка таксама датычны да справы, маўляў, «​гэта адна шайка-лейка». Праз 4 гадзіны Дзяржкантроль заявіў, што мае доказы датычнасьці былога банкіра да злачынстваў.
  • Фігурантамі «справы „Белгазпрамбанку“» сталі каля 20 чалавек.
  • 15 чэрвеня Нацыянальны банк прызначыў у «Белгазпрамбанку» часовую адміністрацыю на чале з Надзеяй Ермаковай. Расейскія акцыянэры банку («Газпромбанк» і «Газпром») назвалі гэтае рашэньне незаконным.
  • 17 чэрвеня ўлады арыштавалі без тлумачэньняў выбарчы фонд Віктара Бабарыкі з 100 тысячамі рублёў на рахунку.
  • 18 чэрвеня затрымалі Віктара Бабарыку і яго сына Эдуарда Бабарыку — кіраўніка ініцыятыўнай групы. У дамах сям’і Бабарыкаў прайшлі ператрусы.
  • Кіраўнік КДК Іван Тэртэль назваў Бабарыку «непасрэдным арганізатарам» «махлярскай схемы з адмываньнем грошай» з удзелам былых і дзейных топ-мэнэджараў «Белгазпрамбанку».
  • 19 чэрвеня праваабаронцы прызналі палітвязьнямі Віктара, Эдуарда Бабарыкаў і затрыманых сябраў ініцыятыўнай групы.
  • Штаб Бабарыкі падрыхтаваў да здачы 435 тысяч подпісаў.
  • 20 чэрвеня адвакаты падалі пакет дакумэнтаў для рэгістрацыі Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзыдэнты.
  • 2 ліпеня стала вядома, што Бабарыку вінавацяць па трох фінансавых артыкулах Крымінальнага кодэксу.
  • 14 ліпеня ЦВК адмовіў Віктару Бабарыку ў рэгістрацыі празь неадпаведнасьць прадстаўленай дэклярацыі аб даходах і маёмасьці.
  • 10 кастрычніка Лукашэнка сустрэўся зь Віктарам Бабарыкам і іншымі палітвязьнямі ў СІЗА КДБ.
  • 17 лютага 2021 году пачаўся суд над Віктарам Бабарыкам і былымі супрацоўнікамі «Белгазпрамбанку». На працэс не пусьцілі нікога зь незалежных журналістаў.
  • 6 ліпеня Бабарыку асудзілі на 14 гадоў пазбаўленьня волі. Вырак вынес судзьдзя Ігар Любавіцкі. Бабарыка не прызнаў віны, ягоныя абаронцы яшчэ раз заявілі аб палітычных матывах справы.
  • 12 ліпеня стала вядома, што Бабарыку этапавалі ў ПК №1 у г. Наваполацак.
  • 12 кастрычніка з ізалятараў выйшлі некалькі чалавек, затрыманых у справе «Белгазпрамбанку»​. Ім зьмянілі меру стрыманьня, але іншыя падрабязнасьці справы невядомыя.
  • У кастрычніку 2023 году арганізацыя былых сілавікоў BelPol паведамляла, што Віктар Бабарыка ў калёніі мае праблемы з сэрцам. Паводле інфармацыі арганізацыі, Бабарыку нанесьлі «сур’ёзныя цялесныя пашкоджаньні», прычым зрабілі гэта людзі, якія не адносяцца да пэрсаналу наваполацкай калёніі, дзе той сядзіць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG