Дата дня
14 лютага 1937 году нарадзіўся Міхась Стральцоў, беларускі пісьменьнік, крытык, перакладчык.
Таленавітыя кнігі зусім не заўсёды пішуць добрыя й сьветлыя людзі. Таму я ніколі не набіваўся ў сябры да пісьменьнікаў, творчасьць якіх люблю. Але, калі ўсё ж наважваўся на бліжэйшае знаёмства, Бог пакуль бярог мяне ад памылак. Так здарылася і ў выпадку зь Міхасём Стральцовым.
Але спачатку, яшчэ ў студэнцкія гады, адбываліся радасныя адкрыцьці ягоных твораў. Аповесьці-эсэ «Загадка Багдановіча» зь вярэдлівым разуменьнем, што ў паэта не біяграфія, а — лёс, з тужлівым прадчуваньнем уласнага лёсу.
Апавяданьня «Сьвет Іванавіч, былы донжуан», што пачынаецца маёй улюбёнай фразай: «У тэлефоннай будцы былі двое, і я ненавідзеў іх», — фразай, зь якой, магчыма, нарадзіўся наш літаратурны мадэрнізм. Потым было шэдэўральнае «Смаленьне вепрука» з такім сьцюдзёным подыхам вусьцішнасьці жыцьця... «Ёсьць, на жаль, рэчы непадуладныя нам, але ж ёсьць і суцяшэньне, ёсьць і надзея. У таго, хто бярэ ў рукі пяро, надзея ёсьць таксама.
О, паэт да таго ж бывае крыху забабонным. Наіўны, ён хоча перамагчы сапраўднасьць, ён хоча верыць: я засьцярогся ад бяды — бо сказаў. Дабро і надзея тут накрэсьлілі свой круг».
Ён і ў прозе, і ў паэзіі (але ў прозе ўсё ж найбольш) быў вытанчаны, аднак гранічна шчыры. Іранічны і самаіранічны, але з такім прыхаваным болем, што часам заходзілася душа.
У тыя задушлівыя гады ягоныя кнігі дыхалі кіслародам неўтаймоўнай інтэлектуальнай свабоды і «вострым пачуцьцём непазьбежнасьці страты ўсяго, што ёсьць пад гэтым небам» (Валянцін Акудовіч). За такое фатальна абвостранае адчуваньне жыцьця трэба было разьлічвацца.
У 1981-м Міхася зьняволілі ў лячэбна-працоўны прафілякторый. «Жыву, як выгнаны патрыцый...» — пісаў ён, гледзячы на нябёсы праз краты.
...Згадваю яго ў Полацку ў глыбокім экзыстэнцыйным здумленьні каля фрэскі зь верагодным партрэтам Эўфрасіньні Полацкай.
Згадваю вясёлым і артыстычным на цэнтральным пляцы ў Наваполацку: «Валодзя, дзе Ленін? Куды помнік падзеўся? Здаецца ж, учора не пілі».
Згадваю на маім улюбёным возеры з халаднавата-прыцемным назовам Люхава. Стральцоў стаяў на асноведзі вечаровага неба з каханай жанчынаю, а ўва мне гучала проста выдыхнутае:
Імгненьні ёсьць пакутлівага шчасьця — Ірвуцца ўвысь і слова, і душа, Ды толькі тое ўсё ў радок ня ўкласьці, Як ты яго, радок, нi падвышай. Бо адмыслова, самадастаткова Само сабой гаворыць пачуцьцё...
На маёй першай кніжцы «Добры дзень, мая Шыпшына» пазначана: «Адрэдагаваў на грамадзкіх пачатках Міхась Стральцоў». Хочацца дадаць: «Вечны патрыцый нашай літаратуры».
Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 364-365
Таксама ў гэты дзень
286 — згодна зь легендай у гэты дзень пакараны за парушэньне загаду імпэратара Клаўдзія аб бясшлюбнасьці для вайскоўцаў палявой лекар і сьвятар Валянцін. Валянцін таемна вянчаў жадаючых і за гэта быў асуджаны на сьмерць.
1477 — першае вядомае валянцінавае віншаваньне ў сьвеце.
1834 — у францускім Ліёне пачаўся страйк ткачоў, падчас якога ўпершыню быў узьняты чырвоны сьцяг, як сымбаль рэвалюцыйнай барацьбы працоўных.
1876 — Аляксандар Грэм Бэл запатэнтаваў тэлефон.
1924 — у Вільні пачала выдавацца газэта «Голас беларуса».
1924 — заснаваная кампанія IBM.
1928 — у Савецкім Саюзе пачынаюць ужываць грыгарыянскі каляндар.
1946 — у лябараторыі балістычных дасьледаваньняў Арміі ЗША запушчаны першы электронны кампутар ENIAC, пачатак кампутарнай эры ў гісторыі чалавецтва.
1948 — утварылася Згуртаваньне беларусаў у Аўстрыі.
1956 — пачаўся XX зьезд КПСС, дзе прагучаў даклад Мікіты Хрушчова з асуджэньнем культу асобы Сталіна.
1989 — іранскі рэлігійны правадыр аятала Хамэйні абвясьціў фатву на брытанскага пісьменьніка Салмана Рушдзі за абразу ісламу ў кнізе «Сатанінскія вершы».
2005 — створаны сэрвіс YouTube.
У гэты дзень нарадзіліся
1891 — Павал Корчык, беларускі нацыянальны дзеяч, удзельнік Слуцкага збройнага чыну.
1906 —Мікалай Улашчык, беларускі гісторык і археограф.
1907 — Алесь Звонак, беларускі паэт.
1914 — Павал Масьленікаў, беларускі жывапісец, тэатральны мастак, пэдагог.
У памяці
1984 — Язэп Найдзюк, беларускі нацыянальны дзеяч, выдавец.
1989 — Вінцэнт Жук-Грышкевіч, беларускі нацыянальны дзеяч, у 1971–1982 гадах старшыня Рады БНР.
2014 — Гаўрыла Вашчанка, народны мастак Беларусі.