Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто ў прэзыдыюме «Ўсебеларускага сходу». Фота


Падчас адкрыцьця форуму
Падчас адкрыцьця форуму

11-12 лютага ў Менску праходзіць так званы VI Усебеларускі народны сход. Ягоны прэзыдыюм Лукашэнка прапаноўваў выбраць, але 2400 дэлегатаў аднагалосна ўхвалілі загадзя падрыхтаваны сьпіс. Глядзім, хто ўвайшоў у прэзыдыюм.

Хто бліжэй да Лукашэнкі

Поруч з Аляксандрам Лукашэнкам месцы занялі прэм’ер-міністар Раман Галоўчанка і старшыня Савету Рэспублікі Натальля Качанава. Так было і на мінулым сходзе, поруч зь ім сядзеў тагачасны прэм’ер Андрэй Кабякоў і тагачасны старшыня Савету Рэспублікі Міхаіл Мясьніковіч.

Мясьніковіч прысутнічае на сходзе і сёлета, ён сядзіць адразу за Лукашэнкам, цяпер ён займае пасаду старшыні калегіі Эўразійскай эканамічнай камісіі. Сяргей Румас, які цяпер за мяжой і які прыйшоў ва ўрад Мясьніковіча ў 2010 годзе, лічыцца ягоным пратэжэ.

Недалёка ад Мясьніковіча сядзіць мітрапаліт Веньямін і новы кіраўнік Каталіцкай царквы ў Беларусі Казімір Велікаселец. У 2016 годзе таксама сядзелі тагачасны кіраўнік каталікоў Тадэвуш Кандрусевіч і праваслаўны мітрапаліт Павел.

Хто яшчэ ў прэзыдыюме

Таксама ў прэзыдыюме новы кіраўнік Генштабу Ўзброеных сілаў Аляксандар Вальфовіч. Поруч зь Міхаілам Мясьніковічам — студэнтка Горадзенскага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы Бажэна Ярэміч.

Таксама ў прэзыдыюме – генпракурор Андрэй Швед, кіраўнік Горадзеншчыны і экс-міністар здароўя Ўладзімер Каранік, намесьніца міністра аховы здароўя Алена Богдан.

У прэзыдыюме “Ўсебеларускага сходу” 2016 году студэнтак не было. У прэзыдыюме адсутнічае Мар'яна Шчоткіна, якая была там у 2016 годзе. Цяпер яна чалец Савету Рэспублікі, а ў 2016 годзе ўзначальвала Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Закон аб дармаедах – ейная распрацоўка.

А што з пандэміяй?

Чалавек у масцы на «Ўсебеларускім сходзе» сёлета – вялікая рэдкасьць. У прэзыдыюме ў масцы няма ніводнага чалавека, а ў асноўнай залі хіба адзін чалавек з 20. Не відаць было масак і на дэлегатах сходу на фота ў чэргах па каву да пачатку сходу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG