Міліцыянты заявілі, што ператрус адбываўся ў межах крымінальнай справы за «наўмыснае псаваньне транспартнага сродку альбо шляхоў зносін» (ч. 1 арт. 309 КК), а Юры Дзяшук праходзіць у справе ў якасьці сьведкі, паведаміла БАЖ.
У выніку ў Юрыя Дзешука забралі кампутар, дзьве відэакамэры, ноўтбук, носьбіты флэш-памяці і мабільны тэлефон.
Дзешуку ўручылі позву з патрабаваньнем прыйсьці на допыт 10 лютага.
Згодна з паведамленьнем Сьледчага камітэту, крымінальную справц распачалі ў сувязі зь перакрыцьцём 29 сьнежня 2020 году бэтоннымі слупамі чыгункі ў Лідзе. Тады машыніст пасажырскага цягніка Горадня —Гомель заўважыў перашкоду на рэйках, аднак спыніць састаў не пасьпеў. Падчас здарэньня ніхто з пасажыраў не пацярпеў, празь нейкі час цягнік пайшоў далей.
Невядомымі аналягічным чынам яшчэ раз перакрывалася чыгунка ў Лідзе, але толькі ўжо ў горадзенскім кірунку.
Хроніка перасьледу Юрыя Дзешука
5 лютага 2021 году ў судзе Лідзкага раёну адбыўся разгляд адміністрацыйнай справы Юрыя Дзешука. Яго абвінавацілі ў парушэньні арт. 23.34 КаАП РБ («удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве»). У выніку судовага пасяджэньня справа была накіраваная на дапрацоўку, а журналіста, якога затрымалі яшчэ 3 лютага, — вызвалілі.
Прычынай адміністрацыйнага перасьледу Юрыя Дзешука сталі падзеі, што адбываліся 18 студзеня ў залі Лідзкага райсуду адразу пасьля абвяшчэньня крымінальнага прысуду грамадзкаму актывісту Вітольду Ашурку. Тады людзі, якія прыйшлі падтрымаць Ашурка, абурыліся вынесеным яму выракам— 5 гадоў пазбаўленьня волі — і эмацыйна выказвалі сваю нязгоду. Юрый Дзяшук прысутнічаў на судовым працэсе ў якасьці журналіста.
Праз два дні пасьля гэтага, 20 студзеня, у Лідзе адбыўся шэраг затрыманьняў грамадзкіх актывістаў і грамадзян, якія прысутнічалі на судзе ў справе Ашурка ў межах распачатай крымінальнай справы паводле ч. 2 арт. 339 КК («злоснае хуліганства»). Дзешука таксама затрымалі і трое сутак пратрымалі ў ізалятары часовага ўтрыманьня. Вызвалілі 23 студзеня ў статусе падазраванага ў гэтай крымінальнай справе.