Свабода пагутарыла з 28-гадовым Дзьмітрыем Салагубам, які прыехаў у Варшаву зь Менску.
Як выпхнулі аўтобус?
Дзьмітры расказаў, што сустрэў сяброўку, дапамог ёй данесьці рэчы да гостэла і вяртаўся ў свой гостэл.
«Я ехаў у аўтобусе, 20 хвілін стаяў у заторы, выйшаў, пайшоў у кірунку руху, убачыў маршрутны з „гармонікам“ аўтобус, які буксуе. Я яго падапхнуў. Дарога была ўгору, галалёд, і я зразумеў, што яму не хапае счапленьня, вырашыў дапамагчы. І тут пайшло-паехала. Аднекуль падышоў журналіст. Ён спачатку зрабіў выгляд, а потым пачаў рэальна дапамагаць, пхаць», — кажа Дзьмітры.
Цяпер Дзьмітрыя шукаюць журналісты, якія хочуць узяць у яго інтэрвію. Некаторыя прапануюць яму курсы польскай мовы.
«Я зразумеў, што магу выпхнуць аўтобус. Я думаў, чаму людзі да мяне гэтага не зрабілі, бо ўсё цягнулася каля сарака хвілін, і там 150–200 чалавек у гэтым заторы стаялі, — кажа Дзьмітры. — Мы выпхнулі аўтобус цягам хвіліны».
У Дзьмітрыя журналіст спытаўся: ці выпіхваў ён аўтобусы ў сябе на радзіме ў Беларусі?
«Любы мужык калі-небудзь у жыцьці пхаў свой аўтамабіль ці яшчэ нечы. У нашых жа краінах увесь час сьнег ідзе, таму мы нават у двары ў сябе часта падпіхвалі аўтамабілі. Калісьці ў Расеі я бачыў, як пхалі самалёт, бо ў людзей быў выбар: альбо замерзнуць, альбо пхаць».
Іншыя людзі да Дзьмітрыя і журналіста не далучыліся. І тыя, што сядзелі ў аўтобусе, таксама.
«Яны нават не выходзілі, яны сядзелі ўсярэдзіне, бо кіроўца ня мае права адчыняць дзьверы не на прыпынку, — кажа Дзьмітры. — У Варшаве было многа сьнегу, і людзі не былі гатовыя. Журналісты, відаць, здымалі пра гэта ўсё рэпартаж».
Пад відэа, на якое трапіў Дзьмітры, было многа камэнтароў. Маўляў, калі адзін чалавек можа вырашыць праблему трафіку на дарогах, то разам мы памяняем уладу ў Беларусі.
Як Дзьмітры апынуўся ў Варшаве?
Дзьмітры Салагуб сказаў, што вучыўся ў Беларусі на электрамантэра, потым паступіў у радыётэхнічны ўнівэрсытэт на спэцыяльнасьць «электронныя сыстэмы бясьпекі». Але пэрспэктыва была — працаваць на заводзе за 150 даляраў. Тады ён кінуў вучобу і пайшоў працаваць, каб сабраць грошай і паглядзець Эўропу. Да 2017 году ён ніводнага разу ня быў за мяжой. Яму падабаецца падарожнічаць па сьвеце. Дзьмітры падаўся на «карту побыту» ад курсаў вэб-дызайну. Пакуль застаўся ў Польшчы і ня можа зь яе выяжджаць. У Варшаве ён трэці месяц.
«У Варшаве я працую вялікім, чатырохмэтровым, белым мядзьведзем у Старым горадзе, весялю людзей. Каму падабаецца, ахвяруюць нейкую грашовую адзінку. Робяць са мной фатаздымкі, усім падабаецца, я таксама задаволены, зараджаю пазытывам. Я гэта рабіў бы нават тады, калі б мне не плацілі грошы. Калі побач грае музыка, я танцую», — кажа Дзьмітры.
Чаму не вярнуўся ў Беларусь?
1 жніўня Дзьмітры Салагуб ужо праходзіў карантын у Польшчы.
«Я думаў нават вярнуцца, калі ўбачыў, што адбывалася ў Беларусі пасьля 9 жніўня. Але добра, што туды не паехаў. Праз павышанае пачуцьцё справядлівасьці я, напэўна, ужо сядзеў бы альбо ляжаў бы мёртвы ў лесе», — кажа ён.
Паводле Дзьмітрыя, тое, што адбываецца ў Беларусі, — гэта поўнае беззаконьне.
«Нелегітымны кіраўнік спрабуе выдаваць сябе за легітымнага, які нібыта перамог на выбарах. Я за яго не галасаваў, і з майго асяродзьдзя менш за 3% галасавалі за гэтага чалавека. І тое, што амапаўцы ў балаклавах даюць паказаньні ў судзе, гэта проста беззаконьне, — кажа Дзьмітры. — Гэта ненармальна, калі чалавек выходзіць у краму, едзе на ровары ці гуляе зь дзецьмі, а яго б’юць дубінкай і саджаюць у аўтазак невядома за што».
Дзьмітры хоча атрымаць пашпарт Эўразьвязу, трымаецца прынцыпу, што яго дом — увесь сьвет. Кажа, што за мяжой ён з прычыны сваёй актыўнай грамадзянскай пазыцыі. І ня можа сядзець склаўшы рукі.
«Хочацца, каб у Беларусі ўсё наладзілася і прыйшлі да ўлады нармальныя людзі», — кажа ён.
У Менску засталіся бацькі Дзьмітрыя. Яны падтрымліваюць рашэньне сына зьехаць зь Беларусі, але не зусім гэта разумеюць.
«Яны рады, але разам з тым гэта ня норма для іх мадэлі. Для іх норма: пайсьці на завод і там усё жыцьцё працаваць. А я ў іхным разуменьні ламаю гэтую мадэль».
Дзьмітры кажа, што ў любой краіне адчувае сябе камфортна.
Белы мядзьведзь і дзень салідарнасьці
Дзьмітры Салагуб у касьцюме белага мядзьведзя браў удзел у Міжнародным дні салідарнасьці зь Беларусьсю, разам зь іншымі выконваў танец салідарнасьці.
«Такія флэшмобы былі ў розных краінах сьвету. У Варшаве гэта было ў Старым горадзе. Мяне запрасілі арганізатары акцыі. Атрымалася цудоўна, бо я ўмею імправізаваць, — кажа Дзьмітры. — Палякі былі зьдзіўленыя такой колькасьцю ўдзельнікаў, што такая дыяспара жыве ў Варшаве. Яны добра рэагавалі, усім спадабалася. Мы падтрымалі сваіх і зрабілі сьвята для палякаў».