Пакуль такіх лялек толькі тры, стваральнікі возяць іх па выставах і конкурсах. Але аўтары праекту працуюць над тым, каб да лета цацкі паступілі ў продаж, піша Tut.by.
Лялек пашылі выхаванцы Глыбоцкага цэнтру дзяцей і моладзі пад кіраўніцтвам двух пэдагогаў — Аксаны Шпакавай і Ірыны Пачкоўскай. Праект назвалі «Лялька.Бай».
«Ёсьць розныя гукавыя лялькі, ёсьць у касьцюмах работнікаў розных прафэсій, у строях розных нацыянальнасьцяў. А вось лялек, якія сьпяваюць і размаўляюць на роднай мове, няма. Уставілі ўнутр цацак партатыўныя калёнкі — і ў нашых лялек зьявіўся голас», — расказала кіраўніца праекту «Лялька.Бай» Аксана Шпакава.
У кожнай лялькі свая роля: Баюн расказвае казкі, Сплюша сьпявае калыханкі, у тым ліку «Доўгі дзень» на верш Генадзя Бураўкіна і музыку Васіля Раінчыка. Весялінка забаўляе вясёлымі песьнямі і расказвае цікавыя гісторыі пра Глыбоцкі край.
Калёнкай можна кіраваць з мабільнага тэлефона. Удасканаліць цацку Сплюшу дапамог электрамантэр Сяргей Кузьміч. На руцэ лялькі зьмясьцілі кнопку, націсьнеш — пачынае сьпяваць.
Пакуль, па словах аўтарак праекту, шыцьцё лялькі і калёнка разам абыходзяцца ў 90 рублёў.
На конкурсе інавацыйных праектаў лялькі ўвайшлі ў лік пераможцаў, стваральнікі атрымалі на разьвіцьцё праекту звыш 15 тысяч рублёў. Іх хочуць патраціць на вытворчасьць новых лялек. Да канца жніўня 2021 году плянуюць запусьціць першую «экспэрымэнтальную» партыю на продаж.