У сустрэчы прынялі ўдзел спэцыяльны прадстаўнік Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ па Ўсходняй Эўропе Даніэла дэ Рыдэр і генэральны сакратар ПА АБСЭ Рабэрта Мантэля, піша тэлеграм-канал Ціханоўскай.
Сьвятлана Ціханоўская апавяла пра жудасныя ўмовы ўтрыманьня ў беларускіх турмах і заклікала АБСЭ прыняць меры.
Даніэла дэ Рыдэр заявіла, што сытуацыя ў Беларусі зьяўляецца прыярытэтным пытаньнем для арганізацыі. Ужо заплянаваны шэраг сустрэч зь беларусамі, уключаючы кіраўніка афіцыйнай беларускай дэлегацыі ў ПА АБСЭ Андрэя Савіных.
Таксама Ціханоўская выказалася пра Ўсебеларускі народны сход.
«Гэта збор намэнклятуры Лукашэнкі. Чарговае падабенства фальшывай інаўгурацыі. Ён робіць гэта для сябе, а не для людзей», — заявіла Ціханоўская.
Асобна абмяркоўвалася і тэма судоў у Беларусі, дзе людзям прысуджаюць доўгія тэрміны зьняволеньня. 9 лютага адбудзецца чарговы палітычны суд, на гэты раз над журналісткамі Дар’яй Чульцовай і Кацярынай Андрэевай. На думку палітыка, АБСЭ трэба больш актыўна шукаць магчымасьці для перамоваў, бо кожны дзень працы рэжыму нясе новыя ахвяры.