Дата дня
2 лютага 1838 году ў вёсцы Мастаўляны нарадзіўся Кастусь Каліноўскі, кіраўнік нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863–1864 гадоў, нацыянальны герой Беларусі.
Ягоны апошні дзень нараджэньня.
Віленскія Сьвятаянскія муры, дзе ён, хаваючыся ад жандараў, жыве пад імем Ігната Вітажэнца. За марознымі вокнамі крывава барвянее зара-вечарніца. Там, на захадзе, дагарае паўстаньне. Там ляснымі дарогамі адыходзяць у Польшчу апошнія змагары.
Магчыма, ён думае, што свабода стане бліжэйшай усяго на вышыню паўстанцкіх магілаў. Магчыма, чакае Марыську чарнаброву, сваю галубку — нарачоную Марыю Ямант. Магчыма, ён скажа ёй, што дасягнуць мэты можна, толькі ахвяруючы ўсяго сябе.
Магчыма, у той самы час былы паўстанцкі камісар Магілёўскай губэрні Вітаўт Парфіяновіч называе на допыце адрас у Сьвятаянскіх мурах і выдае пароль: «Каго любіш? — Люблю Беларусь! — То ўзаемна!»
Да арышту застаецца некалькі дзён, да эшафоту на Лукіскім пляцы і неўміручасьці — некалькі тыдняў.
Апошнім часам у беларускай прэсе зьяўляюцца артыкулы, дзе Каліноўскага, кіраўніка паўстаньня 1863 году ў Літве-Беларусі й прыхільніка самавызначэньня народаў былой Рэчы Паспалітай, спрабуюць абвясьціць «палякам» (самі палякі з паўстанцкага Варшаўскага жонду, дарэчы, называлі яго «сэпаратыстам»), які дзеля палітычных мэтаў проста вёў гульню зь мясцовымі «мужыкамі» (ажно да таго, што выдаваў на іх мове нелегальную газэту).
Найлепшы адказ такім «гісторыкам» — ягоныя перадсьмяротныя «Лісты з-пад шыбеніцы». Яны зьвернутыя да беларусаў. Яны напісаныя па-беларуску. Яны прысьвечаныя будучыні Беларусі. Яны ня страцілі сваёй актуальнасьці і ў XXI стагодзьдзі.
Містэрыя пахаваньня парэшткаў нашага першага нацыянальнага палітыка-незалежніка (чытайце выдадзенае ў Бібліятэцы Свабоды бліскучае эсэ Сяргея Абламейкі «Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі»), а таксама ягоных паплечнікаў, якое пры ўдзеле тысяч беларусаў з морам бел-чырвона-белых сьцягоў адбылося ў Вільні 22 лістапада 2019 году, сталася гістарычным днём, што ўвойдзе ў падручнікі і энцыкляпэдыі.
Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне , с. 72–73
Таксама ў гэты дзень
1348 — перамога войскаў Вялікага Княства Літоўскага над крыжакамі на рацэ Стрэве (прыток Нёмана).
1386 — адбыўся зьезд польскай шляхты ў Любліне, дзе вялікага князя ВКЛ Ягайлу абралі каралём Польшчы.
1589 — кароль Жыгімонт ІІІ Ваза пацьвердзіў усе прывілеі Горадні.
1920 — у Тарту падпісаны мірны дагавор, згодна зь якім Савецкая Расея прызнала незалежнасьць Эстоніі.
1943 — капітуляцыя немцаў пад Сталінградам. Заканчэньне Сталінградзкай бітвы.
1968 — адкрыўся літаратурна-этнаграфічны музэй у вёсцы Гудзевічы Мастоўскага раёну.
У гэты дзень нарадзіліся
1494 — Бона Сфорца, каралева і вялікая княгіня, якая ўвайшла ў гісторыю Беларусі маштабнымі аграрнымі рэформамі.
1838 — Кастусь Каліноўскі , ідэоляг вызваленьня Беларусі, кіраўнік паўстаньня 1863 году.
1882 — Джэймс Джойс, ірляндзкі паэт і пісьменьнік, аўтар знакамітага раману «Ўліс».
1958 — Багдан Андрусышын (Данчык), беларускі сьпявак і журналіст.
У памяці
483 да н.э. — Сыдхартха Гаўтама, індыйскі прынц, пасьля пераўвасабленьня — Буда.
1746 — Мікалай Фаўстын Радзівіл, дзяржаўны і вайсковы дзяяч ВКЛ.
1983 —Мікола Прашковіч , беларускі дысыдэнт, літаратуразнаўца, перакладчык, удзельнік нацыянальна-культурніцкага руху 1960–1970-х.
1996 — Алесь Звонак, пісьменьнік, перакладчык, вязень сталінскіх турмаў.