Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Казахстане грамадзянам хочуць даць QR-коды і рэйтынгі рызыкі для ўваходу ў грамадзкія месцы


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Казахстане ўвядуць спэцыяльны QR-код, які трэба паказаць на ўваходзе, каб наведваць кінатэатры і фітнэс-цэнтры.

Пра гэта паведамляецца на сайце Міністэрства лічбавага разьвіцьця, інавацый і аэракасьмічнай прамысловасьці.

Для гэтага ведамства сумесна зь Міністэрствам аховы здароўя распрацавала аплікацыю «Ashyq», дзе пасьля сканаваньня коду будзе адлюстроўвацца рэйтынг рызыкі: чырвоны, жоўты, сіні і зялёны статусы.

Чырвоны статус азначае абмежаваньне на перамяшчэньне і захаваньне строгага рэжыму хатняй ізаляцыі.

Жоўты прадугледжвае частковае абмежаваньне перамяшчэньня: дазволена наведваць прадуктовыя і гаспадарчыя крамы, аптэкі не далей як 500 мэтраў ад месца, дзе пацыент выконвае рэжым хатняй ізаляцыі.

Сіні азначае абмежаваньні толькі ў месцах, дзе ПЦР-тэст абавязковы, напрыклад у аэрапорце.

Зялёны не прадугледжвае абмежаваньняў у перамяшчэньні: карыстальнік будзе пазначаны ў базе даных як чалавек з адмоўным вынікам тэставаньня на COVID-19.

У ведамстве адзначаюць, што адлюстраваньне статусаў колерамі дае магчымасьць бізнэсу працягваць сваю дзейнасьць, не ствараючы небясьпекі для наведнікаў. Пры адсутнасьці смартфона статус наведніка можна праверыць праз індывідуальны ідэнтыфікацыйны нумар або сканаваньне штрыхкоду ў пасьведчаньні асобы.

Такія меры ўводзяцца ў пілётным рэжыме для кінатэатраў, спа-цэнтраў і фітнэс-цэнтраў, пасьля чаго іх могуць увесьці па ўсім Казахстане для ўваходу ва ўсе грамадзкія месцы: гандлёвыя цэнтры, крамы, рэстараны, кавярні, вакзалы, аэрапорты і гэтак далей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG