Дата дня
29 студзеня 1884 году нарадзіўся Антон Луцкевіч, палітык і грамадзкі дзеяч, гісторык, ідэоляг беларускага нацыянальна-вызвольнага й сацыялістычнага руху пачатку ХХ стагодзьдзя, ініцыятар абвяшчэньня незалежнасьці БНР.
Разам з братам Іванам ён вярнуў беларусам статус народу дзяржаўнага. Галоўны ідэоляг нашай першай палітычнай партыі — Грамады. Адзін з ініцыятараў першай легальнай беларускай газэты «Наша Доля». Заснавальнік (супольна з братам-аднадумцам) легенды нацыянальнага друку — «Нашай Нівы». Аўтар канцэпцыі Злучаных Штатаў ад Балтыкі да Чорнага мора.
Напярэдадні паседжаньня Рады БНР, што адбылося ў ноч з 24 на 25 сакавіка 1918 году, якраз Антон Луцкевіч стаў ініцыятарам абвяшчэньня незалежнасьці БНР, а неўзабаве ўзначаліў яе ўрад. Ён жа быў аўтарам гістарычнай Трэцяй Устаўнай Граматы.
Выключныя заслугі належаць Луцкевічу й у ягоных іпастасях гісторыка і літаратара, найталенавіцейшага публіцыста Заходняй Беларусі, які паводле назову радавога шляхецкага гербу ўзяў сабе псэўданім Антон Навіна. Ён як рыба ў вадзе пачуваўся ў тэкстах Скарыны і працягваў ягоную справу, перакладаючы біблійныя кнігі ўжо на сучасную беларускую мову.
Луцкевіч працаваў у Віленскай беларускай гімназіі, але яго, аўтара бліскучых дасьледаваньняў, польскія цэрбэры ад адукацыі пазбавілі права выкладаць родную літаратуру «як недастаткова кваліфікаванага».
У верасьні 1939-га ў Беларускай гімназіі адбывалася ўрачыстасьць з нагоды далучэньня Вільні да Беларусі «на векі вякоў». Луцкевіч спрабаваў шукаць кампрамісу з бальшавікамі. Яго выступ пра новыя беларускія далягляды паблажліва слухаў кіраўнік савецкай адміністрацыі Іван Клімаў. Ён ня ведаў, што Масква перадасьць Вільню Літве, але бачыў сьпіс на арышты віленскіх беларускіх дзеячаў.
У сувэрэннай Беларусі, якой без Антона Луцкевіча й паплечнікаў магло б ня быць, ягонае імя амаль ніяк не ўшанаванае. Адно, што дазволіла ўлада, — усталяваць да 100-годзьдзя БНР мэмарыяльны камень на месцы колішняга менскага дому Луцкевічаў.
Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 204-205
Таксама ў гэты дзень
1864 — у Вільні арыштаваны Кастусь Каліноўскі.
1886 — Карл Бэнц запатэнтаваў аўтамабіль з рухавіком унутранага згараньня.
1919 — кангрэс ЗША прыняў 18-ю папраўку да Канстытуцыі, якая забараняе вытворчасьць, перавозку і продаж сьпіртовых напояў. У краіне быў уведзены «сухі закон», які праіснаваў да 1933 году.
1922 — у Менску створаны Інстытут беларускай культуры, які пазьней рэарганізуюць у Акадэмію Навук.
1924 — Заснаваны Бярэзінскі запаведнік.
У гэты дзень нарадзіліся
1860 — Антон Чэхаў, расейскі пісьменьнік.
1866 — Рамэн Ралян, францускі празаік, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па літаратуры.
1878 — Уладзімер Самойла, дзеяч беларускага адраджэньня.
1884 — Антон Луцкевіч, палітык і грамадзкі дзеяч, гісторык, публіцыст і літаратуразнаўца.
1956 — Сяргей Бароўскі, футбаліст менскага «Дынама».
1965 — Уладзіслаў Ахроменка, пісьменьнік, кінасцэнарыст, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1990-х — пачатку ХХІ стагодзьдзя.
1962 — Вольга Такарчук, польская пісьменьніца, эсэістка, аўтарка сцэнарыяў, паэтка, ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі па літаратуры за 2019 год.
У памяці
1963 — Робэрт Фрост, амэрыканскі паэт.
1969 — Ален Далес, амэрыканскі дзяржаўны дзеяч, адзін з заснавальнікаў і пяты дырэктар ЦРУ.
2008 — Кастусь Акула, пісьменьнік, журналіст, дзеяч паваеннай эміграцыі ў Вялікай Брытаніі й Канадзе.