У сьнежні яго затрымалі, паведамляе «Палеская Вясна».
Як лічаць у Сьледчым камітэце, яшчэ 1 верасьня 2020 году Ўладзімер Міхалка, у час, калі ў дачыненьні да яго вёўся адміністрацыйны працэс, у раённай лякарні, у будынку РАУС і ў іншых грамадзкіх месцах у прысутнасьці іншых грамадзян шматкроць публічна выказваў абразы ў адрас Лукашэнкі. Паводле зьвестак сьледчых, Міхалка ў гэты час знаходзіўся ў стане алькагольнага ап’яненьня.
Пра ўчынак Міхалкі ўспомнілі толькі амаль праз тры месяцы, калі раённы аддзел Сьледчага камітэту завёў на яго крымінальную справу паводле часткі 1 артыкулу 368 Крымінальнага кодэксу. На той час Уладзімер Міхалка хаваўся і адразу затрымаць яго не ўдалося.
21 сьнежня 2020 году сьледчы ў асабліва важных справах Рэчыцкага раённага аддзелу Сьледчага камітэту Дзьмітры Локцеў вынес пастанову аб правядзеньні ператрусу ў адным з прыватных дамоў, дзе, на ягоную думку, мог хавацца Міхалка. Там яго знайшлі і затрымалі.
Паводле зьвестак праваабаронцаў, цяпер Уладзімера Міхалку ўтрымліваюць у Гомельскім СІЗА. Мужчыну можа пагражаць да двух гадоў зьняволеньня.