Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З Крымінальнага кодэксу выключаны артыкул «абраза». За мінусам прэзыдэнта, прадстаўніка ўлады, судзьдзі


Падчас суду ў Наваградку за абразу прэзыдэнта, верасень 2020
Падчас суду ў Наваградку за абразу прэзыдэнта, верасень 2020

У Крымінальны кодэкс унесеныя папраўкі, на падставе якіх выключаны артыкул 189 «Абраза». Зьмены ўступяць у сілу ў красавіку 2021 году, асуджаных паводле такога артыкула вызваляць ад адказнасьці, пачатыя крымінальныя справы спыняць.

Як патлумачыў Tut.by юрыст Антон Гашынскі, ужо асуджаныя паводле арт. 189 могуць падаць заяву аб пераглядзе прысуду ў сувязі з выключэньнем артыкула з Крымінальнага кодэксу. Новае судовае паседжаньне мусіць прыняць рашэньне аб вызваленьні ад адказнасьці.

Палітычны крызіс нярэдка заканчваўся крымінальнай справай паводле арт. 189 КК. Так, летась у лістападзе жыхар Мастоў быў асуджаны на 1,5 года «хіміі» за тое, што разьмясьціў у мэсэнджары пад фота чальцоў выбарчай камісіі камэнтар, які суд прызнаў абразьлівым. Пасьля цяперашніх зьменаў ён можа разьлічваць на вызваленьне ад крымінальнай адказнасьці.

Абраза — гэта наўмыснае прыніжэньне гонару і годнасьці асобы, выказанае ў непрыстойнай форме, у публічна дэманстраваным творы, мэдыя або ў інфармацыі, распаўсюджанай у інтэрнэце.

Артыкул 189 прадугледжваў за гэта пакараньне ў выглядзе штрафу ці папраўчых работ да 2 гадоў або абмежаваньне волі на тэрмін да 3 гадоў. Цяпер яго з Крымінальнага кодэксу выключылі, застаецца толькі адміністрацыйная адказнасьць (арт. 9.3 КаАП — штраф да 20 базавых велічынь).

Пры гэтым у Крымінальным кодэксе застаецца арт. 188 (паклёп), а таксама арт. 368 (абраза прэзыдэнта), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады, уключна з абражанымі сілавікамі), арт. 391 КК (абраза судзьдзі).

За абразу прэзыдэнта прадугледжана самае суровае пакараньне: пазбаўленьне волі тэрмінам да 2 гадоў, а за паўторнае злачынства — да 3 гадоў.

Таксама застаецца крымінальная адказнасьць за паклёп (арт. 188 КК). У сувязі з палітычным крызісам у Беларусі крымінальных спраў па пералічаных артыкулах усё больш.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG