Справу разглядаў судзьдзя Сяргей Балондзь, дзяржаўным абвінаваўцам выступіў пракурор Клышэвіч. Як інфармуе «Вясна», сьледзтва заявіла, што Ільля Вайткевіч разьмясьціў 28 жніўня ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте» ў суполцы «Нетыповы Астравец» камэнтар, у якім дапусьціў нэгатыўную ацэнку Лукашэнкі, напісаўшы сярод іншага, што ён «г...но» і «кончаны ...».
Таксама ў матэрыялах справы напісалі, што «камэнтар праглядзелі ня меней за 1 500 карыстальнікаў».
Суд улічыў малады ўзрост абвінавачанага, прызнаньне віны і раскаяньне, а таксама тое, што Ільля раней быў несудзімы. Прысуд: 2 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ва ўстанову адкрытага тыпу.
Мабільны тэлефон як «сродак зьдзяйсьненьня злачынства» канфіскаваны ў даход дзяржавы.
Крымінальныя справы за абразу Лукашэнкі ў апошнія тыдні пачасьціліся. Напрыклад, 31 сьнежня такое абвінавачаньне выставілі карэспандэнту сайту «Першы рэгіён» Сяргею Гардзіевічу.