Грамадзкую ініцыятыву двух сьвятароў, якія раней паручыліся за Ігара Лосіка, падтрымала сям’я зь Менску: дацэнт БДУ з хімічнага факультэту Юлія Лесніковіч і яе муж, прадпрымальнік Кірыл Заўражны.
Яны накіравалі ў Сьледчы камітэт заявы з просьбай зьмяніць Ігару Лосіку «меру стрыманьня са знаходжаньня пад вартай на асабістае паручальніцтва з адабраньнем адпаведнай расьпіскі».
Юлія Лесьніковіч кажа, што зьмена меры стрыманьня пад асабістае паручальніцтва прадугледжана 121-м артыкулам Крымінальна-працэсуальнага кодэксу. Паводле жанчыны, грамадзяне маюць права прапанаваць сьледзтву скарыстацца гэтым захадам для выратаваньня жыцьця чалавека.
«Мы робім гэта не для піяру, а каб выратаваць ягонае жыцьцё. Каб потым не вініць сябе ў злачынным бязьдзеяньні», — тлумачыць Юлія Лесьніковіч.
Жанчына ведае пра цяжкі стан здароўя Ігара Лосіка і мяркуе, што ў яго ня будзе магчымасьці схавацца ад сьледчых органаў, калі яму зьменяць меру стрыманьня на знаходжаньне пад падпіскай.
Паводле Юліі Лесьніковіч, калі яе муж Кірыл Заўражны дазнаўся пра яе намер прапанаваць асабістае паручальніцтва за Ігара Лосіка, адразу вырашыў далучыцца.
«У нас з мужам аднолькавыя погляды на агульначалавечыя каштоўнасьці, ён таксама мяркуе, што нашаму грамадзтву бракуе салідарнасьці, а яна патрэбная цяпер як ніколі. Кажа, што за пасіўнасьць усяго грамадзтва не павінен разьлічвацца пэўны чалавек».
Раней дацэнт Юлія Лесьніковіч падпісвала пэтыцыю выкладчыкаў БДУ супраць фальшаваньня выбараў.
Юлія Лесьніковіч цяпер яна ў адпачынку па доглядзе за трэцім дзіцем.
«Хочацца, каб дзецям не давялося разьлічвацца за нашы памылкі, як нам даводзіцца разьлічвацца за памылкі бацькоў і ўласнае маладушша», — кажа Юлія Лесьніковіч.
Блогера, адміністратара тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга» Ігара Лосіка затрымалі 25 чэрвеня і са жніўня трымаюць у сьледчай турме № 8 у Жодзіне. Спачатку Ігара Лосіка абвінавацілі ў арганізацыі ці падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак. 15 сьнежня яму выставілі новае абвінавачаньне — за ўдзел у масавых беспарадках. На знак пратэсту Ігар Лосік абвясьціў галадоўку. Паводле апошніх зьвестак, стан здароўя Ігара Лосіка пагоршыўся.