Факты зь біяграфіі мітрапаліта Філарэта, які больш за 20 гадоў кіраваў Беларускай праваслаўнай царквой.
Нарадзіўся ў Маскве
Кірыл Вахрамееў нарадзіўся 21 сакавіка 1935 году ў Маскве, у сям’і службоўцаў. Скончыў Маскоўскую духоўную сэмінарыю і духоўную акадэмію са ступеньню кандыдата багаслоўя. У 1959-м быў пастрыжаны ў манаства.
У 1978 годзе яго прызначылі мітрапалітам Менскім і Беларускім, а таксама Патрыяршым экзархам Заходняй Эўропы, а ў 1992-м, калі Беларусь стала незалежнай,— мітрапалітам Менскім і Слуцкім, Патрыяршым экзархам усяе Беларусі.
Стварыў БПЦ, але не хацеў аўтакефаліі
Найперш у заслугу Філарэту ставяць стварэньне і разбудову Беларускай праваслаўнай царквы. Да яго ў савецкай Беларусі было некалькі япархій у складзе Расейскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату. Цяпер БПЦ мае сваю разгалінаваную структуру, але па-ранейшаму падпарадкоўваецца Маскве.
Пры гэтым Філарэт заставаўся пасьлядоўным крытыкам аўтакефаліі, адмаўляючы царкоўную самастойнасьць беларускага праваслаўя.
Быў дэпутатам, дапамагаў чарнобыльцам
Філарэт быў актыўным удзельнікам грамадзкага і палітычнага жыцьця ў Беларусі. Выбіраўся народным дэпутатам СССР, а таксама дэпутатам Вярхоўнага Савету БССР і незалежнай Беларусі.
У Вярхоўным Савеце 12 скліканьня быў старшынёй камісіі дэпутацкай этыкі. Апекаваўся праграмамі дапамогі ахвярам чарнобыльскай катастрофы.
Падтрымліваў Кебіча і Лукашэнку
Заўсёды знаходзіў мову з уладамі. Прыхільна ставіўся да колішняга прэм'ер-міністра Беларусі Вячаслава Кебіча, а калі той прайграў на прэзыдэнцкіх выбарах 1994 году, пачаў падтрымліваць ініцыятывы прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі.
Але ня ўсе. Бадай, адзінае, у чым не супадаў зь ім поглядамі, дык гэта ў пытаньні сьмяротнага пакараньня. Затое пагаджаўся, што Беларусі неабходнае інтэрнэт-рэгуляваньне.
Герой Беларусі, які служыў Расеі
У 2006 годзе атрымаў з рук Аляксандра Лукашэнкі званьне і зорку Героя Беларусі.
Таксама ў ягонай калекцыі адна з найвышэйшых узнагародаў Расейскай Фэдэрацыі, ордэн Аляксандра Неўскага. Падзякаваўшы за давер прэзыдэнту Ўладзіміра Пуціна, падчас уганараваньня Філарэт дадаў: «Служу Расеі!»
Пачэсны экзарх на пэнсіі
25 сьнежня 2013 году Сынод Расейскай праваслаўнай царквы задаволіў прашэньне мітрапаліта Філарэта аб выхадзе на пэнсію ў сувязі з дасягненьнем 75-гадовага ўзросту.
Яго прызначылі ганаровым Патрыяршым экзархам усяе Беларусі, захаваўшы месца на набажэнствах і ў афіцыйных цырымоніях.
Памёр ад каранавірусу
У сьнежні 2020 году стала вядома, што Філарэт захварэў на каранавірус. Паводле некаторых зьвестак, заразіўся падчас сьвяткаваньня ўласнага юбілею, на якім ігнараваліся элемэнтарныя захады засьцярогі. Царква заклікала ўсіх сьвятароў і вернікаў маліцца за ягонае здароўе.