Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парашэнка заявіў, што сарваную ў Менску апэрацыю затрыманьня вагнэраўцаў плянавалі падчас ягонага прэзыдэнцтва


Пятро Парашэнка, архіўнае фота
Пятро Парашэнка, архіўнае фота

Экс-прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў у эфіры «5 каналу», што гэта ён санкцыянаваў апэрацыю затрыманьня расейскіх наймітаў з групоўкі «Вагнэра» падчас свайго прэзыдэнцкага тэрміну.

«Я хачу падкрэсьліць, што яшчэ ў канцы 2018 году тагачасны вярхоўны галоўнакамандуючы Узброеных сілаў Украіны Пятро Парашэнка санкцыянаваў правядзеньне гэтай апэрацыі», — сказаў ён.

«На жаль, апэрацыя была сараваная, сарваная канкрэтнымі асобамі», — сказаў Парашэнка і заклікаў стварыць сьледчую камісію, якая б разабралася ў гэтай сытуацыі.

29 ліпеня ў санаторыі пад Менскам затрымалі 33 расейскіх грамадзянаў. Беларуская ўлада заявіла, што падазрае іх у падрыхтоўцы беспарадкаў напярэдадні выбараў. Украіна прасіла выдаць вагнэраўцаў ёй, бо яны бралі ўдзел у баявых дзеяньнях на Данбасе. Але праз два тыдні затрыманых вярнулі ў Расею.

Пазьней зьявілася інфармацыя, што вагнэраўцаў мелі затрымаць украінскія спэцслужбы падчас рэйсу зь Менску.

Як пісала «Українська правда» са спасылкай на свае крыніцы, у рамках спэцапэрацыі баевікоў нанялі паводле падробленых дамоваў ахоўваць нафтавыя вышкі ў Вэнэсуэле. Падчас вэрбаваньня яны далі пад запіс сьведчаньні аб злачынствах на тэрыторыі Ўкраіны, бо думалі, што паказваюць «працадаўцу» ўзровень «кваліфікацыі».

Група складалася з 33 чалавек, сярод іх былі 28 баевікоў, якіх меліся затрымаць. 9 зь іх былі грамадзянамі Ўкраіны, 11 значыліся ў базе «Міратворца». Ня ўсе найміты служылі ў «ПВК Вагнэра».

Групу 24 ліпеня плянавалася прывезьці з Масквы ў менскі аэрапорт. Не затрымліваючыся ў Беларусі, 25 ліпеня група павінна была вылецець у Турэччыну рэйсам Менск — Стамбул. Паводле задумы, падчас пералёту самалёт павінен быў тэрмінова сесьці ў адным з украінскіх аэрапортаў, бо аднаму з пасажыраў, ролю якога меўся выконваць агент СБУ, нібыта зрабілася б дрэнна. Пад выглядам мэдыкаў у самалёт зайшла б група спэцназу і затрымала б вагнэраўцаў. Аднак плян не ўдалося рэалізаваць.

Паводле публікацыі, 24 ліпеня пра фінальную стадыю апэрацыі далажылі прэзыдэнту Ўкраіны Ўладзіміру Зяленскаму. На дакладзе прысутнічалі кіраўнік Офісу прэзыдэнта Андрэй Ярмак і яшчэ некалькі чалавек. Ярмак прапанаваў адкласьці апэрацыю, каб не сарваць абмен палоннымі, які тады абмяркоўваўся з Расеяй. Зяленскі яго падтрымаў і запатрабаваў перанесьці апэрацыю на 30 ліпеня.

25 ліпеня група ня села на рэйс да Стамбула, а засялілася ў санаторый з загадам чакаць 30 ліпеня. 29 ліпеня іх затрымалі, а 14 жніўня перадалі Расеі, хоць да гэтага Ўладзімір Зяленскі прасіў Лукашэнку перадаць іх Украіне і Лукашэнка «заявіў пра гатоўнасьць да супрацы». Паводле публікацыі, украінская выведка нібыта лічыць, што гэта адбылося з прычыны «зьліву» інфармацыі ў ФСБ Расеі.

Служба бясьпекі Ўкраіны назвала інфармацыю пра ўдзел СБУ у спэцапэрацыі затрыманьня вагнэраўцаў у Беларусі расейскім фэйкам і інфармацыйным укідам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG