У Горадні на аўкцыёне прадалі Слонімскую харальную сынагогу. Імя пакупніка пакуль не вядомае, піша «Слонімскі веснік».
Упершыню яе выставілі на аўкцыён сёлета ў траўні. Тады будынак ацанілі ў 137 тысяч рублёў, але ахвотных не знайшлося. Пазьней Лёнданскі фонд габрэйскай спадчыны выказаў жаданьне выкупіць помнік архітэктуры, унёсшы яго ў сьпіс самых значных аб’ектаў габрэйскай сусьветнай спадчыны, якім патрэбная дапамога.
Меркавалася, што кошт выкупу сынагогі зьнізяць да другога аўкцыёну, аднак яго зьнізілі ўсяго на 10%, хоць, па словах лёнданскай арганізацыі, сьпярша было абяцаньне зьнізіць суму на 50%.
Цяпер Слонімская сынагога прададзеная менш як за 30 тысяч рублёў.
У Слонімскім райвыканкаме Свабодзе сказалі, што імя пакупніка раскрыюць пасьля атрыманьня канчатковага пратаколу аўкцыёну.
Як сказаў намесьнік старшыні Слонімскага райвыканкаму Юры Чачот, пакупнік — фізычная асоба. Імя раскрыюць пасьля атрыманьня канчатковага пратаколу аўкцыёну.
Слонімская сынагога — помнік барочнай архітэктуры, яе пабудавалі ў 1642 годзе. Яна ўваходзіць у Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Беларусі. У 1881 годзе будынак моцна пацярпеў падчас вялікага пажару, але быў адбудаваны на ахвяраваньні гараджан. Дзейнічала да 1940 году, а пасьля ІІ сусьветнай вайны камуністы зрабілі ў сынагозе склад і гандлёвыя памяшканьні.