Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тадэвуш Кандрусевіч выступіў зь першым зваротам пасьля вяртаньня ў Беларусь


Тадэвуш Кандрусевіч
Тадэвуш Кандрусевіч

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч на сьвяточным віншаваньні вернікаў падзякаваў прадстаўнікам Касьцёла ў Ватыкане і Беларусі за спрыяньне вяртаньню на радзіму, а таксама прывёў словы апостала Паўла.

24 сьнежня арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч вярнуўся ў Беларусь пасьля амаль чатырохмесячнай вымушанай адсутнасьці. Ён скіраваўся ў Апостальскую нунцыятуру ў Менску і асабіста падзякаваў прадстаўніку папы Францішка ў Беларусі Апостальскаму нунцыю Антэ Ёзічу.

Таксама мітрапаліт Менска-Магілёўскі павіншаваў каталіцкіх вернікаў з Раством Хрыстовым.

«Якія неспасьцігальныя прысуды Бога і нязьведаныя шляхі Ягоныя!» (Рым 11, 33). Гэтыя словы сьвятога апостала Паўла прыходзяць на думку, калі пасьля амаль што чатырох месяцаў прымусовай адсутнасьці і немагчымасьці зьдзяйсьняць пастырскую дзейнасьць у Беларусі я нарэшце зноў на радзіме».

Ён падкрэсьліў, што ва ўзросьце амаль што 75 гадоў нечакана для сябе апынуўся ў складанай сытуацыі, якую ўспрымае як «чарговы досьвед Божага Провіду і як свой жыцьцёвы крыж».

Тадэвуш Кандрусевіч падзякаваў за спрыяньне свайму вяртаньню папу Францішку і Дзяржаўнаму сакратарыяту Сьвятога Пасаду, а таксама Апостальскаму нунцыю ў Беларусі Антэ Ёзічу і спэцыяльнаму пасланьніку пантыфіка Кляўдыё Гуджэроцьці, беларускім біскупам, асабліва сваім дапаможным біскупам Юрыю Касабуцкаму і Аляксандру Яшэўскаму.

Сказаў, што «з удзячнасьцю прымае рашэньне дзяржаўных уладаў, якое дазволіла вярнуцца на радзіму і займацца духоўным кіраўніцтвам». На перакананьне мітрапаліта, ягоная праца паспрыяе «духоўнаму адраджэньню і ўмацаваньню веры», а таксама кансалідацыі грамадзтва шляхам мірнага вырашэньня праблемаў.

«У час, калі мы сьвяткуем Божае Нараджэньне, наш позірк скіраваны ў напрамку Бэтлеема, дзе дваццаць стагодзьдзяў таму Слова сталася Целам і пасялілася між намі (пар. Ян 1, 14). Менавіта тады анёльскія хоры сьпявалі: „Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой людзям добрай волі“ (Лк 2, 14). Езус прынёс мір у наш сьвет, які знаходзіцца ў супярэчнасьцях. Ён і сёньня нясе гэты мір праз служэньне Касьцёла. Вонкавы супакой немагчымы без духоўнага. Таму неабходна адчыніць дзьверы нашых сэрцаў Хрысту, каб Ён сваёю ласкай нарадзіўся ў іх».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG