Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакат расказаў, што ня так з абвінавачаньнем Каардынацыйнай рады ў экстрэмізьме


Паседжаньне Каардынацыйнай рады 18 жніўня
Паседжаньне Каардынацыйнай рады 18 жніўня

Генэральная пракуратура завяла новыя крымінальныя справы на сяброў Каардынацыйнай рады і на экс-кандыдатку ў прэзыдэнты Сьвятлану Ціханоўскую.

Справы фармальна заведзеныя за «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня і кіраваньня ім, фінансаваньне яго дзейнасьці і змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам». Максымальнае пакараньне прадугледжвае пазбаўленьне волі да 12 гадоў.

Адвакат і сябра Каардынацыйнай рады Міхаіл Кірылюк у інтэрвію Tut.by заявіў, што крымінальныя справы па такіх сур’ёзных артыкулах безь пераканаўчых, прадэманстраваных ўсяму сьвету доказаў, сьведчаць аб тым, што мэта абвінаваўцаў не абарона бясьпекі Беларусі, а спроба запалохаць палітыкаў, юрыстаў і грамадзянскіх актывістаў.

Справы заведзеныя паводле ч.1 арт. 361-1 Крымінальнага кодэксу (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо кіраваньне ягонымі структурнымі падразьдзяленьнямі) і ч. 1 арт. 357 (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам).

Акрамя таго, супраць аднаго з заснавальнікаў фонду дапамогі для пацярпелых ад перасьледу ўладаў BY_help Аляксея Лявончыка «ў сувязі зь фінансаваньнем дзейнасьці экстрэмісцкага фармаваньня» заведзена справа на падставе арт. 361-2.

«Мы сьвядома даём у тым ліку і юрыдычную кваліфікацыю дзеяньням сьледзтва, пракуратуры. Робім гэта не таму, што не разумеем сапраўдных прычын і матываў, а дзеля таго, каб паказаць усю абсурднасьць юрыдычнай аргумэнтацыі», — адзначае Міхаіл Кірылюк.

Паводле юрыста, каб утварыць склад злачынства, прадугледжанага арт. 361-1 КК, сьледзтву трэба давесьці:

• Факт стварэньня экстрэмісцкага фармаваньня
• Наяўнасьць у фармаваньні кіраўнікоў і падначаленых
• Устойлівасьць і кіраванасьць групы
• Дзейнасьць, якія падпадае пад азначэньне экстрэмізму.

«Каб у дзеяннях Каардынацыйнай рады былі хоць якія спробы захопу ўлады, стварэньня незаконнага ўзброенага фармаваньня, ажыцьцяўленьня тэрарыстычнай дзейнасьці, упэўнены, доказы ўжо былі б прад’яўленыя шырокай публіцы. Пракурор і сьледчы могуць нам запярэчыць: маўляў, „усё ёсьць, але ня хочам паказваць загадзя, каб падазроныя не схаваліся“. Але навошта тады раскрываеце імёны падазраваных? Не баіцеся, што яны „дадуць ўказаньні сваім саўдзельнікам зьнішчаць доказы“? Можна меркаваць, у сьледства ёсьць складанасьці з доказамі», — гаворыць Міхаіл Кірылюк.

Як кажа адвакат, каб высновы пракуратуры мелі пад сабой падставы, абвінаваўцам неабходна даказаць, што Павал Латушка, Максім Знак, Вольга Кавалькова, Сяргей Дылеўскі ды іншыя «аб’ядналіся для экстрэмісцкай дзейнасьці» яшчэ да стварэньня Каардынацыйнай рады.

Аднак, згодна зь дзясяткам адкрытых крыніц, добра відаць, што рада стваралася ў наступнай пасьлядоўнасьці: з ініцыятывай выступіла Сьвятлана Ціханоўская, адбор сяброў праводзілі Вольга Кавалькова і Максім Знак, на агульным сходзе быў выбраны прэзыдыюм, у склад якога ўвайшлі Павал Латушка і Сяргей Дылеўскі.

Усе гэтыя факты робяць кваліфікацыю Каардынацыйнай рады экстрэмісцкай групай храналягічна немагчымай, перакананы Міхаіл Кірылюк.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG