Аляксандар расказвае пра жыцьцё пасьля адстаўкі, пра лісты спартоўцаў, пра Дзьмітрыя Баскава да жніўня 2020 і пасьля, а таксама аб прычынах маўчаньня многіх хакеістаў.
Глядзець размову на відэа цалкам.
Тут фрагмэнты гутаркі.
Сьцісла
- Калі гэта адбываецца на покліч сэрца, то Бог ім судзьдзя, а калі гэта покліч страўніка, то мне іх вельмі шкада.
- Ліст супраць гвалту і за сумленныя выбары я падпісаў без сумневаў. Як у фільме — час выбраў нас. Калі час выбраў мяне і ўсіх астатніх, значыць, так таму і быць.
- Што да іншага ліста спартоўцаў, я б яго праўладным не называў, я б яго назваў «ведамасьцю на харчаваньне».
- Сярод хакеістаў, сярод трэнэраў ёсьць і тыя, хто не падпісаў гэты ліст. Я хацеў бы іх падтрымаць.
- Што тычыцца апошніх падзеў, то для мяне Баскаў, які быў да жніўня, і Баскаў пасьля жніўня — два розныя чалавекі.
Пра жыцьцё пасьля адстаўкі
— Аляксандар, што зьмянілася ў вашым жыцьці пасьля адстаўкі? Дзе вы працуеце? Ці адчуваеце ціск з прычыны прынятага рашэньня?
— У мяне стала нашмат больш свабоднага часу. Урэшце зьезьдзіў у Нясьвіж, даўно хацеў, але праз загружанасьць працай не ўдавалася. Значна пашырылася кола зносінаў. Калі раней кантактаваў пераважна з «хакейным народам», то сёньня палітра стала нашмат шырэйшая. Што тычыцца працы, у хакейнай кар’еры маёй пакуль што паўза. Ніякага ціску на мяне не аказваецца, я жыву спакойна.
— Ці можаце згадаць абставіны вашай адстаўкі?
— Сустрэліся з Баскавым, абазначылі свае пазыцыі, пасьля чаго я пакінуў пасаду галоўнага трэнэра юнацкай зборнай Беларусі ў хакеі.
— Ці патрэбная вам, вашай сямʼі дапамога, падтрымка? Цяпер у Беларусі шмат салідарных людзей...
— Час пакажа, ці будзе мне патрэбная нейкая дапамога. Цяжка гадаць. Можа, і спатрэбіцца. Сьвет не бяз добрых людзей. Пэўную дапамогу мне аказваюць. Я адчуваю і падтрымку, і дапамогу.
Пра лісты спартоўцаў
— У жніўні вы асудзілі дзеяньні сілавікоў і падпісалі ліст спартоўцаў супраць гвалту і фальсыфікацыі выбараў. Вынікам спачатку стала зьніжэньне заробку. Пасьля была размова са старшынём фэдэрацыі хакею Дзьмітрыем Баскавым, падчас якой вам патлумачылі пазыцыю ФХБ: каб працаваць са зборнай камандай, трэнэр мусіць падтрымліваць дзейную ўладу. І далей была адстаўка. Што вам вядома цяпер пра настроі сярод гульцоў, трэнэраў? Як бы вы ацанілі рэальны ўзровень падтрымкі ўлады хакеістамі?
— Сёньня я не кантактую практычна ні зь кім — ні з трэнэрамі, ні з гульцамі, і не зусім ведаю, што там адбываецца. Інфармацыю атрымліваў з мэдыя і бачу, што яны цэлымі арцелямі падтрымліваюць дзеяньні ўлады. Калі гэта адбываецца на покліч сэрца, то Бог ім судзьдзя, а калі гэта покліч страўніка, то мне іх вельмі шкада па-чалавечы.
— Колькі вы хакейным трэнэрам працавалі?
— Каля 20 гадоў.
— Напэўна, складана цяпер бяз гэтай працы і вы сумуеце, бо гэта ваша жыцьцё было?
— Я думаў, што будзе горш, калі ня буду трэнэрам працаваць. Але неяк спакойна пераносіцца. Нейкі час, які я не аддаваў сямʼі, дзецям, цяпер кампэнсуецца праз страту працы. Я не прачынаюся штораніцы з думкай: «Я ня маю працы хакейнага трэнэра, мне няма чым карміць сямʼю, сьвет несправядлівы». Усё ня так. Адбылося і адбылося.
— Вы адзін зь нямногіх хакеістаў падпісалі ліст супраць гвалту і фальсыфікацыі выбараў. Ёсьць і іншы ліст спартоўцаў — у падтрымку ўлады. Што вам вядома пра тое, як зьяўляюцца, а самае галоўнае, як не зьяўляюцца подпісы спартоўцаў, у тым ліку хакеістаў, пад ім? Бо сьмеласьць патрэбная ня толькі каб падпісаць першы ліст, але і каб адмовіцца падпісваць другі.
— Ліст супраць гвалту і за сумленныя выбары я падпісаў лёгка, без сумневаў. Як у тым фільме, час выбраў нас. Вядома. Крыху патасна, але калі час выбраў мяне і ўсіх астатніх, значыць, так таму і быць. Я не лічу гэта геройскім учынкам ці подзьвігам. У 1937 годзе ў нашай краіне прамаўчаць было вялікім подзьвігам. Сёньня я зрабіў так, як лічыў патрэбным, як падказвала маё сумленьне і ўнутраныя перакананьні. Што да іншага ліста, я б яго праўладным не называў. Я б яго назваў «ведамасьцю на харчаваньне».
У спорце вы месяц адпрацоўваеце, і вам прыносяць такую ведамасьць, вы расьпісваецеся — месяц адпрацаваў за харчаваньне. Той ліст мне нагадвае гэтую ведамасьць. На маю думку, вялікая колькасьць падпісантаў заўтра падпішацца пад лістом пра тое, што зямля плоская і стаіць на трох сланах, а тыя на трох кітах. Пасьлязаўтра яны падпішуць ліст кшталту — беларусы паходзяць з бульбы. Іншых асацыяцыяў з гэтым лістом не ўзьнікае. Калі там ёсьць людзі, якія падпісалі яго з чыстымі намерамі, гэта добра, але я ўсё ж думаю, што большасьць іх проста баялася страціць нейкія свае гарачыя абеды, нейкую кашу і кісель.
— Дык гэтым бы вы патлумачылі маўчаньне большасьці беларускіх хакеістаў?
— Вядома, яны падпісаліся цэлымі арганізацыямі проста. Але сярод хакеістаў, сярод трэнэраў ёсьць і тыя, хто не падпісаў гэты ліст. Я хацеў бы іх падтрымаць. Сёньня хакей аказаўся такім відам спорту, які ўбаку ад усяго. Як тыя тры малпачкі — вочы закрылі, вушы закрылі. Але насамрэч ёсьць людзі, якія не падпісвалі. Не магу сказаць, многа іх ці мала, але колькі б ні было, яны ёсьць, і я хачу ім сказаць: «Хлопцы, усё будзе добра рана ці позна». Калі ім хапіла мужнасьці не падпісваць гэта, значыць, ня ўсё страчана.
Пра Дзьмітрыя Баскава
— Наколькі добра вы знаёмыя зь Дзьмітрыем Баскавым? Як ён стаў трэнэрам Мікалая Лукашэнкі?
— Дзіму Баскава я ведаю вельмі даўно. Калісьці ён быў брамнікам у мяне ў камандзе. Нічога дрэннага не магу пра яго сказаць. Нармальны хлопец. Як стаў трэнэрам Колі Лукашэнкі, ня ведаю. Гэтая тэма мяне ніколі не цікавіла. Што тычыцца апошніх падзеў, зьвязаных з Баскавым, то для мяне Баскаў, які быў да жніўня, і Баскаў пасьля жніўня — два розныя чалавекі насамрэч. Я думаю, узначальваючы фэдэрацыю хакея, яму ня трэба было трапляць у гісторыі, у якія ён цяпер трапіў. Думаю, што ён сам цудоўна разумее, што нанесены значны ўдар па іміджы ня толькі Беларусі як краіны, але і Беларусі як хакейнай дзяржавы.
— Ці вы зьдзівіліся, калі прагучалі аўдыёзапісы з галасамі нібыта Баскава і Эйсмант, паводле якіх яны самі зразалі ў дварах бел-чырвона-белыя стужкі?
— Я ведаў пазыцыю Баскава. Я да гэтага ставіўся нэўтральна. Шчыра кажучы, я быў зьдзіўлены, як і многія людзі. Усё ж ён старшыня Фэдэрацыі хакею Беларусі. Мне спадабалася, як у адным з тэлеграм-каналаў параўноўвалі: што каб Пяскоў і Трацьцяк пайшлі такім займацца.
Пра падтрымку спартоўцаў
— Як бы вы ацанілі працу фонду Беларускай спартовай салідарнасьці? Наколькі важная цяпер самая розная падтрымка спартоўцаў, якія пацярпелі праз сваю грамадзянскую пазыцыю?
— Сёньня бязь іх людзі, якія пацярпелі, асабліва тыя, якія рыхтуюцца да Алімпійскіх гульняў, да нейкіх стартаў, без дапамогі фонду наўрад ці абыдуцца. Увесь спорт у нас фінансуецца зь дзяржаўных крыніцаў. І калі спартовец выказаў сваю пазыцыю, адрозную ад кіраўніцтва, ён адразу трапляе ў чорныя сьпісы, адпаведна яго здымаюць з усіх забесьпячэньняў, з турніраў. Гэты фонд вельмі важны і робіць вялікую працу для ня толькі матэрыяльнай, але і маральнай падтрымкі. Я стаўлюся да яго працы вельмі станоўча.
— Які настрой у вас напярэдадні сьвятаў? Якія пажаданьні для сябе, для беларусаў, для краіны?
— Хачу, каб мы ня трацілі мужнасьці, каб годна прайшлі праз усе выпрабаваньні. Ня вешаць носа. Я думаю, што ўсё будзе добра ў нас. Напярэдадні сьвятаў, зразумела, атмасфэра не зусім сьвяточная, але беларусы — народ крэатыўны, і яны зробяць сабе сьвята.