У паведамленьні, якое ён апублікаваў у сваім інстаграме, было сказана пра заканчэньне тэрміну кантракту. Сам ён зьвязаў сваё звальненьне з тым, што неаднаразова выступаў супраць гвалту сілавікоў у Беларусі і падпісаў ліст спартоўцаў за сумленныя выбары. Міністэртва спорту Беларусі заявіла, што ён звольнены за «невыкананьне індывідуальных і плянавых заданьняў на 2020 год», а палітычная пазыцыя тут ні пры чым.
Журналіст тэлеканалу «Настоящее время» пагутарыў з Паповым пра тое, чаму ён вырашыў выступіць супраць улады і ці гатовы аспрэчваць звальненьне.
— Вы напісалі ў інстаграме пад дакумэнтам аб звальненьні, што цяпер унікальны гістарычны час у Беларусі. Растлумачце, чаму?
— Цяпер якраз час праявіцца: хто ёсьць хто. Гэтыя схаваныя чалавечыя якасьці, якія дзесьці драмалі, яны праяўляюцца. У кагосьці гэта сьмеласьць, рашучасьць, салідарнасьць і дабрыня. А ў кагосьці гэта баязьлівасьць, нейкія карысьлівыя інтарэсы і эгаізм. Як правіла, гэтыя людзі цяпер зьбіваюцца ў групы па сваіх інтарэсах. Толькі людзей, у якіх цяпер прага справядлівасьці, вельмі шмат. Вы бачылі, напэўна, гэтыя відэа, колькі людзей зьбіраюцца ў групы на адкрытыя пратэсты, на скрытыя пратэсты, таму што прыйшоў час вызначыцца, хто ёсьць хто, час, каб праяўляць найлепшыя чалавечыя якасьці, альбо наадварот.
— Было шмат крытыкі ліста спартоўцаў у падтрымку беларускай улады. Вы можаце выказаць здагадку, чаму некаторыя спартоўцы яго падпісвалі?
— Ёсьць група людзей, якія нават ня ведалі, што падпісалі гэты ліст. Часам людзям проста прыносяць нейкую маленькую паперку з адным-двума радкамі: «Спорт па-за палітыкай» ці нешта накшталт такога. І людзі падпісваюць, натуральна. Калі прачытаць гэты ліст цалкам, то гэта нейкая незразумелая вада. Гэта проста адвядзеньне фокусу ад асноўнай праблемы. Там не сказана ні пра якую праблему, яны цяпер спрабуюць узяцца за нейкую драбязу: сьцяг, гімн і яшчэ нешта. Тут, напэўна, неўзабаве ўвядуць закон, што ў кожным акне трэба будзе вешаць дзяржаўную сымболіку.
Але рэч зусім не ў сымболіцы. Шмат людзей падпісваюцца дзесьці аўтаматам. Але за чатыры месяцы можна разабрацца, за што ты падпісваесься і што гэты ліст значыць. Я некалькі прозьвішчаў бачыў, і подпіс менавіта гэтых людзей у гэтым лісьце дае зразумець нейкія іх карысьлівыя мэты, для чаго яны гэта зрабілі: каб быць ляяльнымі, каб нешта ня страціць, нешта зрабіць. Але я вельмі ганаруся людзьмі, якія не падпісалі гэты ліст.
— Сьцяпан, фармальная нагода вашага звальненьня было заканчэньне кантракту. Як вы лічыце, якой была рэальная прычына?
— У нас кантракты трэба падпісваць кожны год. І любога чалавека ў канцы году можна звольніць. Летась у мяне быў найлепшы вынік на чэмпіянаце сьвету, гэта наш асноўны старт сярод мужчынскай каманды, на чэмпіянаце Эўропы, таксама ў нас былі Эўрапейскія гульні, да якіх мы чатыры гады рыхтаваліся, на якія выдаткавалі вельмі шмат сіл і энэргіі: там я таксама ўзяў мэдаль. У мяне з трэнэрскім штабам была дамоўленасьць, што гэты год я магу крыху адпачыць. Мой вынік дазваляў мне атрымліваць стыпэндыю два гады. Я мог паўгода адпачываць, каб мэтанакіравана падрыхтавацца да галоўнага старту, чэмпіянату сьвету, — і выйграць яго.
Але калі мы падпісалі ліст (ліст спартоўцаў супраць сілавога самавольства і за сумленныя выбары. — НВ), спачатку прыйшлі зь Міністэрства спорту. Мы пагаварылі, нам абяцалі, што нікога ня будуць чапаць, усім падоўжаць стыпэндыі, улічваючы, што яшчэ ковідны год, шмат стартаў адмянілі. Той жа чэмпіянат сьвету першапачаткова не павінен быў праходзіць, павінен быў праходзіць чэмпіянат Эўропы. Таму я наогул думаў, што гэты год давядзецца прапусьціць па стартах. Абяцалі не чапаць.
Але потым у іх была каманда «фас», і яны пачалі ўжываць рэпрэсіі. У мяне ўжо ў кастрычніку цалкам забралі маю стыпэндыю, якую я зарабіў за апошні вынік. Прычым не ў аднаго мяне ў зборнай, а яшчэ ў адной дзяўчыны забралі практычна цалкам — яна таксама падпісала ліст. Астатніх не чапалі. У некаторых наогул у тым годзе не было вынікаў, але яны працягвалі атрымліваць свае стыпэндыі ў поўным аб’ёме. У канцы году ў мяне застаецца невялікі заробак у Цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі.
Калі б мяне ня звольнілі па кантракце, я думаю, што мяне б, як Аляксандру Раманоўскую, найлепшую спартоўку году, звольнілі б за прагулы. У кантракце прапісана, што я павінен знаходзіцца на працы каля васьмі гадзінаў. Таму, магчыма, гэта яшчэ «лайтовае» рашэньне, што мяне так звольнілі. Але я разумеў, што мяне ў любым выпадку звольняць і трэнавацца мне будзе вельмі складана, знаходзячыся ў нацыянальнай зборнай.
— Вы падпісвалі ліст спартоўцаў, якія выступілі за справядлівасьць, за негвалтоўнасьць, за новыя сумленныя выбары. Ці не шкадуеце вы цяпер, што публічна выступалі за справядлівасьць?
— Абсалютна не, таму што справядлівасьць у мяне ў душы, як і ў мільёнаў беларусаў, якую цяпер у нас адабралі. І нам хочацца менавіта справядлівасьці. Мы ня лезем у палітыку: кардынальна за некага ці супраць некага. Мы хочам прыбраць прычыну гэтай несправядлівасьці і парушэньні закону.
— У вас цяпер ёсьць нейкая падтрымка? Што вы плянуеце рабіць далей?
— Мне ўвесь час пішуць вельмі шмат людзей, прапануюць дапамогу, падтрымку. Я думаю, што да Новага году ўсё ж такі нешта зьменіцца. Рэпрэсіі ўзмацняюцца: учора была навіна, што нават сьцяг ужо нельга трымаць на бальконе, а то могуць пасадзіць на суткі. Ужо саджаюць людзей, у якіх сьцяг вісіць на бальконе. Гэта абсурд. Гэта цяпер максымальныя рэпрэсіі, якія не прывядуць ні да чога: нічога ў іх не атрымаецца і пачнецца зьніжэньне гэтых рэпрэсій. Магчыма, усіх спартоўцаў вернуць на свае месцы, зьменяць тое, што было, мы зможам трэнавацца далей.
Вядома, гэты год, гэты старт... Шмат чаго страчана. Хтосьці з спартоўцаў наогул сядзеў на „сутках“ — яны проста знаходзіліся ў машынах, іх забралі і далі 10-15 сутак. Для спартоўца аднавіцца пасьля гэтага вельмі складана і маральна, і фізычна. Увесь гэты год мне было вельмі складана трэнавацца. Калі ўсё працягнецца, выступаць і трэнавацца будзе складана, таму што думкі зусім пра іншае. Але я, як спартовец у душы, хачу змагацца. І я маю намер у наступным годзе яшчэ выступаць па меры магчымасьці.
***
У канцы жніўня больш за 1000 беларускіх спартоўцаў, у тым ліку журналісты спартовых выданьняў, падпісаліся пад адкрытым лістом з патрабаваньнем да ўлады правесьці паўторныя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі і вызваліць палітвязьняў і ўсіх грамадзян, затрыманых падчас дэманстрацый, якія ня маюць дачыненьня да супрацьпраўнай дзейнасьці.
Ліст падпісалі чэмпіёны сьвету і Эўропы, алімпійскія прызэры, заслужаныя майстры спорту, у тым ліку Андрэй Краўчанка, Дзьмітрый Асанаў, Сцяпан Папоў, Аляксандра Герасіменя, Натальля Лешчык, Эльвіра Герман, Ганна Гуськова, Аляксандра Раманоўская, Алена Леўчанка, Марына Арзамасава, Меліціна Станюта.